НУНАТА́К (эскімоскае),
ізаляваная скалістая вяршыня, якая выступае над паверхняй ледавіка. Н. характэрны для краявых частак ледавіковых покрываў Грэнландыі і Антарктыды.
т. 11, с. 389
НУ́НЦЫЙ (ад лац. nuntius вяшчун),
пастаянны дыпламат. прадстаўнік Ватыкана пры ўрадзе замежнай дзяржавы, якая падтрымлівае з ім афіц. дыпламат. адносіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. адносінах 1961 Н. адпавядае дыпламат. рангу надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. Інстытут пастаяннага прадстаўніцтва Н. склаўся ў 1-й пал. 16 ст. У большасці каталіцкіх краін Н. з’яўляецца старэйшынай (дуаенам) дыпламат. корпуса.
т. 11, с. 389
НУ́НЬЕС ДЭ БАЛЬБО́А ((Núñez de Balboa) Васка) (каля 1475, г. Херэс-дэлос-Кабальерас, Іспанія — 1517),
іспанскі канкістадор. У 1500 адправіўся ў Амерыку на в-аў Эспаньёла (цяпер Гаіці). У 1510 пераправіўся на Панамскі перашыек, у новую ісп. калонію, адкуль у пошуках зручнага шляху ў Перу у 1513 упершыню перасек Панамскі перашыек і дасягнуў берагоў Ціхага ак., які назваў Паўднёвым м. У пач. 1517 абвінавачаны ісп. губернатарам у змове і пакараны смерцю.
т. 11, с. 389
НУНЬЦЗЯ́Н, Нэньцзян,
рака на ПнУ Кітая, левы, самы вял. прыток р. Сунгары (бас. р. Амур). Даўж. 1089 км, пл. басейна 244 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Ільхуры-Алінь, цячэ па раўніне Сунляо; рэчышча звілістае, часта падзяляе на рукавы і пратокі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 700 м³/с. Летнія паводкі. Суднаходная ад г. Цыцыкар.
т. 11, с. 389