НУБІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ,
пустыня ў Афрыцы, пераважна ў Судане, паміж р. Ніл і Чырвоным м., ад якога яе аддзяляе хрыбет Этбай. Размешчана на плато, што прыступкамі зніжаецца з У на З ад 1000 да 350 м. Шматлікія невысокія (1240 м) горы і масівы. Стараж. крышт. пароды на У выходзяць на паверхню, у зах. ч. перакрыты пяскамі, сабранымі ў дзюнныя грады. Трапляюцца ўчасткі камяністых і галечна-друзавых гамад.
Плато расчлянёна вял. колькасцю сухіх рэчышчаў рэк — вадзі. Клімат трапічны кантынентальны. Ападкаў каля 25 мм, гадамі не бывае. Сярэднія т-ры ліп. вышэй за 30 °C; макс. т-ра больш за 40 °C, сярэднія т-ры студз. 15 °C, абсалютны мінімум -2 °C. Рэзкія сутачныя перапады т-р прыводзяць да інтэнсіўнага выветрывання. Расліннае покрыва вельмі беднае, месцамі поўнасцю адсутнічае. Сустракаюцца ксерафітныя злакі (арыстыда), калючыя хмызнякі і паўхмызнякі (джузгун, тамарыск, сахарскі дрок, парналіставік, рэамюрыя). Жывёлагадоўля. Праз Н.п. праходзяць чыгунка і аўтастрада, якія звязваюць гарады Вадзі-Хальфа і Абу-Хамед на р. Ніл.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 11, с. 385
НУБІ́ЙСКА-АРАВІ́ЙСКІ ШЧЫТ,
выступ дакембрыйскага фундамента на ПнУ Афрыканскай платформы. Рыфт Чырвонага м. рассякае восевую ч. шчыта на 2 палавіны: зах. размешчана ў Афрыцы (Нубійская пустыня), усх. — на Аравійскім п-ве. Складзены з магутнай і моцна дыслацыраванай тоўшчы гнейсаў, крышт. і метамарфічных сланцаў з пачкамі кварцытаў і мармураў, якія адносяцца да ніжняй ч. верхняга пратэразою. Прарваны інтрузіямі гранітаў. Маладыя выліванні базальтаў.
т. 11, с. 385
НУ́БІЯ, 1) гістарычная вобласць у даліне Ніла паміж 1-м і 5-м парогамі, цяпер тэр. Егіпта і Судана. У старажытнасці ўваходзіла ў склад Мераіцкага царства. З 5 ст. тут існавалі Набатыя і Мукура, якія ў пач. 7 ст. зліліся ў адзіную дзяржаву. У 1820 захоплена пашой Егіпта Мухамедам Алі.
2) Сярэдневяковая хрысціянская дзяржава нубійцаў у 7—14 ст. (іх сталіца г. Донгала Старая), у якую ўваходзіла намесніцтва Набатыя і каля 13 васальных царстваў. Была падзелена на 7 епіскапстваў. Агульнай была стараж.-нубійская мова. Пасля заваявання Егіпта арабы імкнуліся захапіць і паўн. раён Н. (640—642), асадзілі Донгалу (652), але былі разбіты нубійскімі лучнікамі. Паміж варагуючымі бакамі быў падпісаны адзіны ў сярэдневяковай гісторыі арабаў дагавор аб ненападзе, гандлі і дыпламат. адносінах, паводле якога Н. пастаўляла ім нявольнікаў у абмен на пшаніцу, віно, тканіны. Пасля вайны ў 852—853 з арабамі, у 969 зноў заключаны мірны дагавор на 100 гадоў. Дынастычныя і рэліг.-паліт. спрэчкі у 13 ст. аслаблялі дзяржаву. У выніку набегаў мамлюкаў трон у Н. захапіла ісламская партыя. Апошні раз Н. згадваецца ў 1397. У канцы 14 ст. Н. заселена араб. плямёнамі і ісламізавана.
Літ.:
Белова Г.А. Египтяне в Нубии (III—II тысячелетия до н.э.). М.. 1988.
т. 11, с. 385