НУЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. nullification знішчэнне),
пазбаўленне дакумента юрыд. сілы законнасці. Н. грошай — пазбаўленне дзяржавай папяровых грошай сілы законнага плацежнага сродку. Выкарыстоўваецца, калі падзенне пакупной цаны грошай з-за інфляцыі дасягае такой ступені, што вартасць, прадстаўленая папяровай грашовай адзінкай, зводзіцца амаль да нуля, або калі зняцце грошай, што страцілі сілу законнага плацежнага сродку, выклікана зменай паліт. улады. Часам фактычна супадае з дэвальвацыяй, калі абясцэненыя грошы абменьваюцца на новыя па вельмі нізкім курсе.
т. 11, с. 387
НУЛЬ (ад лац. nullus ніякі),
лік, які мае такую ўласцівасць, што любы іншы лік пры складанні з Н. не змяняецца. Абазначаецца сімвалам 0. Здабытак любога ліку на Н. роўны Н. Калі здабытак двух сапраўдных ці камплексных лікаў роўны Н., то абавязкова адзін з іх роўны Н. Дзяленне на Н. немагчыма. Н. функцыі — пункт, у якім функцыя роўная нулю; тое, што корань адпаведнага алг. ўраўнення. Графічна Н. функцыі адной пераменнай адпавядаюць пунктам перасячэння графіка зададзенай функцыі з воссю Ox ці інш. іх агульным пунктам.
т. 11, с. 387
НУЛЬ ФУ́НКЦЫІ,
пункт x0, у якім зададзеная функцыя 𝑓(x) ператвараецца ў нуль, г.зн. 𝑓(x0)=0. Напр., для функцыі 3x−2 пункт x0 = 2/3 ёсць Н.ф. Некаторыя функцыі не маюць Н.ф., напр. ex; у іншых, напр., у трыганаметрычных функцый, колькасць Н.ф. бясконцая. Н.ф.𝑓(x) — тое самае, што і карані адпаведнага ўраўнення 𝑓(x)=0.
т. 11, с. 387
НУЛЯВА́Я ПРЫЛА́ДА, нуль-індыкатар,
адчувальная вымяральная прылада, якая фіксуе адсутнасць эл. току або напружання ў вымяральным ланцугу. Выкарыстоўваецца пры нулявых метадах вымярэнняў (кампенсацыйных, маставых і інш.).
У ланцугах пастаяннага току як Н.п. выкарыстоўваюць магнітаэл. гальванометры, у ланцугах пераменнага току — вібрацыйныя гальванометры і электронныя нуль-індыкатары (спалучаюць электронны ўзмацняльнік з магнітаэл. вымяральнікам, электронна-прамянёвай прыладай і інш). Як Н.п. часам выкарыстоўваюць тэлефон, электра-, ферадынамічныя і інш. вымяральныя прылады.
т. 11, с. 387
НУЛЯВА́Я ЭНЕ́РГІЯ,
рознасць паміж энергіяй асн. стану квантавамех. сістэмы і энергіяй, што адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі. Напр., Н.э. асцылятара роўная hν/2, дзе h — Планка пастаянная, ν — частата ваганняў асцылятара. Наяўнасць Н.э. вынікае з неазначальнасцей суадносін. Агульная ўласцівасць звязаных сістэм мікрачасціц, якія можна набліжана разглядаць як сістэмы асцылятараў: сістэма не можа перайсці ў стан з энергіяй, меншай за Н.э., без змен у сваёй структуры.
т. 11, с. 387
НУЛЯВЫ́ ГУК,
асаблівага роду ваганні, якія могуць распаўсюджвацца ў квантавых фермі-вадкасцях (напр., у вадкім геліі-3) пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Абумоўлены адхіленнем ад раўнаважнага значэння функцыі размеркавання элементарных узбурэнняў (квазічасціц), якія існуюць у фермі-вадкасці. Скорасць распаўсюджвання Н.г. адрозніваецца ад скорасці звычайнага гуку. Прадказаны Л.Д.Ландау (1957), эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі (1966). Н.г. можа існаваць таксама ў металах, электроны якіх утвараюць зараджаную фермі-вадкасць.
т. 11, с. 387
НУЛЯВЫ́ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,
высокадакладны метад вымярэння фіз. велічыні, заснаваны на параўнанні яе з адпаведнай мерай, пры якім на нулявую прыладу ўздзейнічае сігнал, прапарцыянальны рознасці паміж лікавымі значэннямі вымернай і вядомай велічынь. У працэсе вымярэння гэтую рознасць даводзяць да нуля (часам аўтаматычна). Н.м.в. вымяраюць эл. велічыні (эрс, напружанні, ёмістасці, супраціўленні і інш.) і неэл. велічыні, пераўтвораныя ў эл. (тэмпературы, ціскі, дэфармацыі і да т.п.) з выкарыстаннем патэнцыёметраў і мастоў вымяральных. Разнавіднасць Н.м.в. — кампенсацыйны метад вымярэнняў.
т. 11, с. 387
НУЛЯВЫ́ ЦЫКЛ,
комплекс будаўніча-мантажных работ па ўзвядзенні падземнай часткі забудовы і ўпарадкаванні ўнутрыквартальных інж. сетак.
Да работ Н.ц. адносяцца: зрэзка і вывазка расліннага грунту; вертыкальная планіроўка буд. пляцоўкі; пракладка ўнутрыквартальных сетак водаправода, каналізацыі, газаправода, цепла- і электразабеспячэння, тэлефона; правядзенне ўнутрыквартальных дарог і праездаў; мантаж трансфарматарных падстанцый і знадворнага асвятлення, унутрыквартальных газарэгулятарных станцый і цеплавых пунктаў; капанне катлаванаў і траншэй пад фундаменты; буд-ва фундаментаў, падвалаў і інш. Комплекс работ Н.ц. ажыццяўляюць спецыялізаваныя арг-цыі.
т. 11, с. 387