Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НУРА́,

рака ў Казахстане. Даўж. 978 км, пл. басейна 60,8 тыс. км2. Цячэ ў межах Казахскага драбнасопачніка. Упадае ў бяссцёкавае воз. Тэнгіз. Сярэдні расход вады за 369 км ад вусця 19,5 м³/с. Летам у верхнім цячэнні перасыхае, зімой прамярзае. На Н. — вадасховішчы Самаркандскае (для водазабеспячэння гарадоў Караганда і Тэміртау) і Самарскае (для ліманнага арашэння).

т. 11, с. 389

НУ́РАВА,

вёска ў Боркавіцкім с/с Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., каля р. Зах. Дзвіна. Цэнтр калгаса. За 40 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 149 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы. 414 ж., 152 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 390

НУРА́ГА,

тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.

І.М.Язэпенка.

т. 11, с. 390

НУ́РМІ ((Nurmi) Паава) (13.6.1897, г. Турку, Фінляндыя — 2.10.1973),

фінскі спартсмен (лёгкая атлетыка, бег). Чэмпіён VII, VIII і IX Алімп. гульняў (1920, г. Антверпен, Бельгія — у бегу на 10000 м і ў кросе на 8000 м у асабістым і камандным заліку; 1924, Парыж — у бегу на 1500, 3000 і 5000 м у камандным заліку, у кросе на 10 000 м у асабістым і камандным заліку; 1928, Амстэрдам — у бегу на 10 000 м), сярэбраны прызёр (1920, на дыстанцыі 5000 м; 1928, на дыстанцыях 3000 м з перашкодамі і 5000 м). Устанавіў 22 сусв. рэкорды (1922—31) на розных дыстанцыях.

т. 11, с. 390

НУ́РМУ-ЛЁЎБЕРГ ((Nordmo-Lörberg) Озе) (н. 10.6.1923, г. Мольсельв, Нарвегія),

нарвежская спявачка (сапрана). Спевам вучылася ў Осла. З 1952 салістка Стакгольмскай каралеўскай оперы. З 1978 дырэктар опернага т-ра ў Осла. Спявала ў Венскай дзярж. оперы, т-ры «Метраполітэн-опера» і інш., з 1960-х г. пераважна ў краінах Скандынавіі. Валодала яркім, насычаным голасам прыгожага тэмбру. Найб. вядома як выканальніца партый у операх Р.Вагнера і як інтэрпрэтатар песень Э.Грыга і Я.Сібеліуса. Сярод лепшых партый: Зіглінда, Эльза, («Валькірыя», «Лаэнгрын» Вагнера), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні).

т. 11, с. 390

НУРПЕІ́САЎ (Абдыжаміл Карымавіч) (н. 22.10.1924, с. Какарал Аральскага р-на Кзыл-Ардзінскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Піша на каз. і рус. мовах. Друкуецца з 1949. Першы раман «Курляндыя» (1950, 2-я рэд. пад назвай «Доўгачаканы дзень», 1958) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Шырынёй сац. абагульненняў, глыбінёй псіхал. аналізу, самабытнымі нац. характарамі вызначаецца трылогія «Кроў і пот» (кн. 1—3, 1961—70, Дзярж. прэмія СССР 1974; аднайм. фільм 1979) пра падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Актуальнасцю і вастрынёй праблематыкі вылучаецца раман «Абавязак» (на рус. мове, 1984). Працуе ў жанры нарыса і літ,крытычнай эстэтыкі (кнігі «Роздумы», 1972; «Край блакітных гор», 1979). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў А.Кудравец.

Тв.:

Бел. пер. — Змрок. Мн., 1978;

Нягоды. Мн., 1981.

Ж.Сахіеў.

т. 11, с. 390

НУРЫ́ (сапр. Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч

(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),

татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял. Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «I мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Радасць сустрэч. Мн., 1973;

Рус. пер. — Тополиный берег. М., 1960;

Улыбка. М., 1969;

Навстречу дружбе. М., 1976;

Озаренность. М., 1981.

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 390

НУРЫ́ЕЎ (Нурэеў) Рудольф Хаметавіч

(17.3.1938, каля ст. Раздольная Іркуцкай вобл., Расія —6.1.1993),

артыст балета, балетмайстар, дырыжор. Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1958, клас Х.Бельскага). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1961 працаваў у Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш. зах. трупах. З сярэдзіны 1970-х г. гастраліраваў з праграмай «Нурыеў з сябрамі». У 1985—89 маст. дырэктар балетнай трупы Парыжскай оперы. Віртуозна валодаў асаблівасцямі розных школ і кірункаў класічнага і свабоднага танца. Сярод партый; Альберт («Жызэль» А.Адана), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Дэзірэ і Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага) і інш. Сярод пастановак: «Цені» з «Баядэркі» (1963 і 1992), «Раймонда» А.Глазунова і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (абедзве 1964), «Танкрэд» Г.В.Генцэ, «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня» (усе 1966), «Шчаўкунок» (1967, 1980), «Манфрэд» (1979) і «Бура» (1982), абедзве на муз. Чайкоўскага. З 1991 выступаў як дырыжор. Зняўся ў фільмах «Я — танцоўшчык» (1972), «Валентына» (1977). Аўтар аўтабіяграфіі (2000). У 1993 праведзены фестывалі імя Н. (Уфа, Казань).

Літ.:

Р.Нуреев. СПб., 1995;

Львов-Анохин Б. Блудный сын Русского балета //Театр. 1993. №11;

Persival J. Nureyev: aspects of the dancer. New York, 1975;

Bland A. The Nureyev Image. London, 1976.

Л.А.Сівалобчык.

Р.Нурыеў у ролі Джэймса.

т. 11, с. 390

НУРЭ́КСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Вахш, у Таджыкістане. Утворана плацінай аднайменнай ГЭС. Запаўненне з 1972. Пл. 98 км2, аб’ём 10,5 км3, даўж. 70 км, найб. шыр. 1 км. Сезоннае рэгуляванне сцёку; праектнае ваганне ўзроўню вады да 53 м. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 11, с. 390