Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЮРА́Т ((Murat) Іаахім) (25.3.1767, г. Лабастыд-Мюра, Францыя — 13.10.1815),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Бергскі і Клеўскі (1806). Кароль Неапалітанскага каралеўства пад імем Іаахім-Напалеон [1808—15]. У франц. арміі з 1787. Вызначыўся пры задушэнні мяцяжу раялістаў у 1795, у Італьянскім (1796—97) і Егіпецкім (1798—99) паходах Напалеона І, садзейнічаў захопу ім улады ў Францыі. Удзельнік усіх Напалеонаўскіх войнаў. У час вайны 1812 супраць Расіі камандаваў кав. корпусам, удзельнічаў у баях каля Астроўна, Смаленска, с. Таруціна, Барадзінскай бітве 1812. Пасля ад’езду Напалеона I у Францыю (5.12.1812) да студз. 1813 камандаваў рэшткамі «вялікай арміі»; на баку Напалеона ўдзельнічаў у бітвах пры Дрэздэне і Лейпцыгу. У студз. 1814 заключыў тайны саюз з Аўстрыяй і Вялікабрытаніяй з мэтай захаваць неапалітанскі прастол, але яго дамаганні адхіліў Венскі кангрэс 1814—15. У перыяд «Ста дзён» выступіў на баку Напалеона I, быў разбіты ў Італіі і ўцёк на в-аў Корсіка. Каб вярнуць сабе прастол, на чале невял. атрада высадзіўся на Пд Італіі, але схоплены аўстрыйцамі і па прыгаворы ваен. суда расстраляны.

Літ.:

Тюлар Ж. Мюрат, или Пробуждение нации: Пер. с фр. М., 1993.

т. 11, с. 62

МЮ́РДАЛЬ ((Myrdal) Альва) (31.1.1902, г. Упсала, Швецыя — 1.2.1986),

шведскі грамадскі дзеяч, сацыёлаг. Скончыла Стакгольмскі ун-т (1924). З 1932 член С.-д. партыі. У 1936—48 дырэктар засн. ёю сац.-пед. семінара (Пед. ін-та дашкольнага навучання) у Стакгольме. З 1956 пасол у Індыі, Бірме і на Цэйлоне. У 1962—72 кіраўнік швед. дэлегацыі на Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. У 1966—72 міністр па пытаннях раззбраення. Аўтар прац «Крызіс у праблеме насельніцтва» (1934; у сааўт. з мужам Г.Мюрдалем), «Гульня ў раззбраенне: як Злучаныя Штаты і Расія раздуваюць гонку ўзбраенняў» (1977) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1982 (разам з А.Гарсія Роблесам).

А.Мюрдаль.

т. 11, с. 63

МЮ́РДАЛЬ ((Myrdal) Гунар Карл) (6.12.1898; Густафс, Швецыя — 17.5.1987),

шведскі эканаміст і сацыёлаг. Чл. Шведскай каралеўскай АН. Д-р эканам, н. (1927). Ганаровы д-р больш як 30 еўрап. і амер. ун-таў. Скончыў Стакгольмскі ун-т (1923), з 1931 прафесар. У 1945—47 міністр гандлю, у 1947—57 ген. сакратар Эканам, камісіі ААН для Еўропы. Заснавальнік і дырэктар Ін-та даследаванняў сусв. эканомікі пры Стакгольмскім ун-це (з 1961). Навук, працы па пытаннях міжнар. эканам. адносін, тэорыі грошай і эканам. дынамікі, дэмаграфічнай палітыкі, узаемазалежнасці эканам., сац., прававых і культ.-маральных фактараў развіцця. Даследаваў міжрасавыя адносіны і становішча чарнаскурага насельніцтва ЗША («Амерыканская дылема: негрыцянская праблема і сучасная дэмакратыя», т. 1—2, 1944), сац.-эканам. праблемы слабаразвітых краін Паўд.-Усх. Азіі («Азіяцкая драма: даследаванне беднасці народаў», 1968). Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Ф.Хайекам).

Тв.:

Рус. пер. — Мировая экономика: Пробл. и перспективы. М., 1958;

Современные проблемы «третьего мира». М., 1972.

Г.Мюрдаль.

т. 11, с. 63

МЮРЫ́Д (араб. які шукае, імкнецца; перан. — вучань),

у мусульманскіх краінах чалавек, які жадае прысвяціць сябе ісламу, авалодаць асновамі містычнага вучэння суфізму. Паводле канонаў мюрыдызму М. выбірае сабе настаўніка і падначальваецца яго волі, спавядаецца і каецца перад ім.

т. 11, с. 63

МЮРЫДЫ́ЗМ,

умоўны тэрмін для абазначэння рэліг.-містычнай плыні ў ісламе, пашыранай на Паўд. Каўказе ў 19 ст. У аснове М. прынцыпы, выпрацаваныя ідэолагамі суфізму ў 12—14 ст., якія ўключалі ідэю роўнасці людзей перад богам у замагільным жыцці, культ беднасці, заклікі да самаадрачэння, самаўніжэння. Гал. ў М. была ідэя джыхаду (газавату) — вайны супраць каланіяльнай палітыкі рус. царызму ў 1820—60-я г. і супраць мусульман, якія былі на баку «няверных» або ўхіляліся ад удзелу ў газаваце. Правадыры гэтай барацьбы імамы Газі-Магамед, Гамзатбек і Шаміль ставілі сваёй мэтай стварэнне імамата — ісламскай тэакратычнай дзяржавы, жыццё ў якой строга рэгламентавалася шарыятам, барацьба з «нявернымі» абвяшчалася гал. умовай рэліг. самаўдасканалення. Тым, хто загінуў за справу ісламу, абяцалася выратаванне і вечнае шчасце. Вял. роля ў імамаце належала мюрыдам, найб. адданым паплечнікам імама, выхаваным у нянавісці да «няверных». Ідэі М. нацыяналісты выкарыстоўвалі на Каўказе ў 1918—21 і пазней.

т. 11, с. 63

МЮ́РЫЦ (Müritz),

возера ў Германіі, самае вял. ў Мекленбургскім паазер’і. Пл. 117 км2. Глыб. 33 м. Катлавіна ледавіковага паходжання. Размешчана паміж градамі марэн, злучана пратокамі з суседнімі азёрамі (Плаўэр-Зе і інш.). Сцёк у р. Гафель. Суднаходства, рыбалоўства. Арніталагічны запаведнік (засн. ў 1931) — месца гнездавання жураўлёў, трапляюцца лебедзь-шыпун, арлан-белахвост, скапа і інш. На паўн. беразе — г. Варэн.

т. 11, с. 63