МЮО́НІЙ, мезоній,
вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ+) і электрона. Хім. сімвал Mu. Мае хім. ўласцівасці, аналагічныя ўласцівасцям атама вадароду.
Утвараецца ў ортастане са спінам 1 (спіны μ+ і электрона паралельныя) ці ў парастане са спінам 0 (спіны антыпаралельныя), рознасць энергій паміж якімі роўная 3·10−6 эВ; паміж імі магчымы пераходы з выпрамяненнем частаты 4463,16 МГц. Актыўна ўступае ў хім. рэакцыі, характэрныя для атама вадароду. Скорасць рэакцыі вызначаецца па частаце прэцэсіі спіна ў магн. полі (гл. Мезонная хімія).
т. 11, с. 62
МЮО́НЫ, мю-мезоны,
нестабільныя зараджаныя элементарныя часціцы, якія маюць спін ½, час жыцця 2,2·10−6 с і масу прыкладна ў 207 разоў большую за масу электрона; адносяцца да лептонаў. Адмоўна зараджаны (μ−) і дадатна зараджаны (μ+) М. з’яўляюцца антычасціцамі адзін аднаго.
Эксперыментальна выяўлены ў касм. праменях амер. фізікамі К.Андэрсанам і С.Недэрмаерам (1936—37). Асн. крыніцы М. — распад піонаў і каонаў (гл. Мезоны), якія інтэнсіўна нараджаюцца пры сутыкненнях адронаў, працэс нараджэння пар μ− μ+ фатонамі высокіх энергій, распады гіперонаў, «зачараваных» часціц і інш. Па сваіх уласцівасцях ва ўсіх вядомых узаемадзеяннях μ− паводзіць сябе аналагічна электрону, ад якога адрозніваецца толькі масай (μ — е-універсальнасць). Слабае ўзаемадзеянне М. выклікае іх распад на электрон (ці пазітрон) і адпаведнае нейтрына, што вызначае час жыцця М. у вакууме. У рэчыве павольныя М. страчваюць энергію на іанізацыю атамаў і могуць спыняцца. Пры гэтым μ− прыцягваецца ядром атама і ўтвараецца мезаатам, а μ+ далучае да сябе электрон і ўтвараецца мюоній.
І.С.Сацункевіч.
т. 11, с. 62