МРО́ЖАК ((Mrożek) Славамір) (н. 26.6. 1930, Бажэнчын, Польшча),
польскі пісьменнік, драматург; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў тэатра абсурду. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1963 у эміграцыі (Італія, Францыя, Мексіка). Дэбютаваў у 1950 фельетонамі і гумарэскамі (зб. «Практычныя паўбраневікі», 1953). Аўтар аповесцей «Маленькае лета» (1956), «Маніза Клаўе» (1963), зб-каў апавяд. «Слон» (1957), «Дождж» (1962), «Два лісты» (1974), «Малая проза» (1990), цыклаў сатыр. малюнкаў і інш. Вядомасць прынеслі гратэскава-сатыр. і парадыйныя п’есы (зб-кі «Пехатой», 1983; «Танга. Вада», 1984), у якіх узнімае праблемы мастацтва і рэчаіснасці, абсурднасці існавання. Яго творы адметныя фантасмагарычнасцю і прытчавасцю, насычаны сімволікай. Паводле п’ес М. Бел. т-р імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Эмігранты» (1989), «Дом на мяжы» (1992), «Чароўная ноч» (1997), Гродзенскі абл. т-р лялек — «Стрыптыз. Ка́раль» (1993), Дзярж. маладзёжны т-р — «Запрашэнне на танга» (1995), Мінскі малы тэатр-студыя — «Дзень нараджэння Чэлентана» (1999) На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Дубянецкі, В.Ракіцкі.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Пры зачыненых дзвярах. Мн., 1995;
Рус. пер — Хочу быть лошадью: Сатир. рассказы и пьесы. М., 1990;
У кн.: Театр парадокса. М., 1991.
Літ.:
Błoński J Wszystkie sztuki Sławomira Mrożka. Kraków, 1995.
Е.А.Лявонава.
т. 10, с. 534
МРО́ЧАК (Жорж Адамавіч) (н. 6.4.1937, в.Рагозіна Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1997). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1960), БПІ (1964). З 1969 у Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі (у 1979—90 нам. дырэктара). Навук. працы па электрафіз. і электрахім. спосабах апрацоўкі матэрыялаў, плазменна-вакуумных метадах асаджэння пакрыццяў, ахове матэрыялаў ад карозіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Тв.:
Обработка износостойких покрытий. Мн., 1997 (у сааўт.);
Вакуумно-плазменные способы формирования защитных и упрочняющих покрытий. Мн., 1998 (разам з В.А.Емяльянавым, І.А.Івановым).
т. 10, с. 535