МРО́ЖАК (Mrożek) Славамір

(н. 26.6. 1930, Бажэнчын, Польшча),

польскі пісьменнік, драматург; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў тэатра абсурду. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1963 у эміграцыі (Італія, Францыя, Мексіка). Дэбютаваў у 1950 фельетонамі і гумарэскамі (зб. «Практычныя паўбраневікі», 1953). Аўтар аповесцей «Маленькае лета» (1956), «Маніза Клаўе» (1963), зб-каў апавяд. «Слон» (1957), «Дождж» (1962), «Два лісты» (1974), «Малая проза» (1990), цыклаў сатыр. малюнкаў і інш. Вядомасць прынеслі гратэскава-сатыр. і парадыйныя п’есы (зб-кі «Пехатой», 1983; «Танга. Вада», 1984), у якіх узнімае праблемы мастацтва і рэчаіснасці, абсурднасці існавання. Яго творы адметныя фантасмагарычнасцю і прытчавасцю, насычаны сімволікай. Паводле п’ес М. Бел. т-р імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Эмігранты» (1989), «Дом на мяжы» (1992), «Чароўная ноч» (1997), Гродзенскі абл. т-р лялек — «Стрыптыз. Ка́раль» (1993), Дзярж. маладзёжны т-р — «Запрашэнне на танга» (1995), Мінскі малы тэатр-студыя — «Дзень нараджэння Чэлентана» (1999) На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Дубянецкі, В.Ракіцкі.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Пры зачыненых дзвярах. Мн., 1995;

Рус. пер — Хочу быть лошадью: Сатир. рассказы и пьесы. М., 1990;

У кн.: Театр парадокса. М., 1991.

Літ.:

Błoński J Wszystkie sztuki Sławomira Mrożka. Kraków, 1995.

Е.А.Лявонава.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)