Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МНЕ́ВА,

познанеалітычнае паселішча каля с. Мнева Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Размешчана на тэрасе левага берага р. Вырва. Помнік належыць носьбітам кіева-чаркаскай неалітычнай культуры (канец 4-га — сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.). Даследаваннямі выяўлены рэшткі 9 заглыбленых у зямлю пабудоў каркаснай канструкцыі, вогнішчы адкрытага тыпу, гасп. і слупавыя ямы. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, разцы, нажы на пласцінках і адшчэпах, наканечнікі стрэл, серп, клінападобныя сякеры, касцяныя праколкі, кручок, фрагменты глінянага ляпнога посуду і інш.

І.​М.​Язэпенка.

т. 10, с. 500

МНЕМАЗІ́НА, апалон чорны,

матыль, гл. ў арт. Апалоны.

т. 10, с. 501

МНЕМАНІ́ЧНАЯ СХЕ́МА, мнемасхема,

сукупнасць сігнальных прыстасаванняў і ўмоўных відарысаў абсталявання і ўнутр. сувязей аб’екта, якія ў выглядзе схемы размяшчаюцца на дыспетчарскіх пультах ці спец. панэлях. Наглядна паказвае структуру аб’екта, стан (становішча) яго часткі элементаў, ход вытв. працэсу, дазваляе кантраляваць рэжымы аб’ектаў і працэсаў і кіраваць імі. Выкарыстоўваецца на прамысл. прадпрыемствах (устаноўках), у энергет. сістэмах, на чыг. станцыях і інш., а таксама на тэхн. выстаўках і ў навуч. мэтах.

Сігнальнымі прыстасаваннямі на М.с. служаць пераважна візуальныя індыкатары, абсталяванне і ўнутр. сувязі аб’екта паказваюцца з дапамогай сімвалаў Адрозніваюць М.с. мімічныя (з выкарыстаннем фарбаў, каляровых плітак і інш.), светлавыя і камбінаваныя. Дзеянне найб. пашыраных светлавых М.с. заснавана на электралюмінесцэнцыі, нізкавольтнай катодалюмінесцэнцыі і электрааптычных эфектах у вадкіх крышталях. Інфармацыя аб стане аб’екта паказваецца зменай колернасці або яркасці свячэння элементаў М.с., перамяшчэннем светлавога зайчыка, зменай канфігурацыі ці памераў светлавой плямы і г.д.

т. 10, с. 501

МНЕМАНІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваны твор практычнага ці павучальнага характару. Форма М.в. аблягчае запамінанне пэўных правіл ці лічбаў. Такі верш пашыраны ў разнастайных жанрах дзіцячага фальклору (лічылкі, дражнілкі, заклікі, прагаворы):

Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Ні чытаць, ні пісаць,
Толькі ў паплясы гуляць.

У бел. паэзіі М.в. трапляецца рэдка, пераважна ў парадыйных творах.

М.​М.​Грынчык.

т. 10, с. 501

МНЕМАСІ́НА, Мнемазіна,

у стараж.-грэч. міфалогіі багіня памяці, дачка Урана і Геі, сястра тытанаў. Маці 9 муз, якіх нарадзіла ад Зеўса. У пераносным сэнсе М. — памяць.

т. 10, с. 501

МНЕМАТЭ́ХНІКА (ад грэч. mnemē памяць + techne мастацтва, майстэрства),

1) тое, што мнемоніка.

2) Цыркавы і эстрадны нумар (дзея), заснаваны на здольнасці запамінання («адгадвання» лікаў, прадметаў, дат, імён). Выконваецца 2 артыстамі пры дапамозе спец. распрацаванага кода.

т. 10, с. 501

МНЕМО́НІКА (ад грэч. mnēmonikos які мае добрую памяць),

сукупнасць асаблівых (адмысловых) прыёмаў і спосабаў, якія аблягчаюць запамінанне як мага большай колькасці звестак, фактаў шляхам утварэння штучных асацыяцый. Шырока выкарыстоўваецца ў выглядзе мнеманічных схем на пультах кіравання, сігнальных табло, панэлях шчытоў.

Выкарыстоўваецца таксама ў мовах праграмавання ў выглядзе абрэвіятур-мнемакодаў для абазначэння кодаў аперацый. Напр., мнеманічная каманда асемблера «LDA A1» (ад англ. Load Accumulator — загрузіць акумулятар) азначае «прачытаць лік з ячэйкі памяці з адрасам, пазначаным сімвалічна A1, і запісаць (загрузіць) яго ў акумулятар працэсара ЭВМ». Асацыятыўныя запамінальныя прыстасаванні заснаваны на наданні розным запісам асацыятыўных адзнак. Выбар запісу робіцца не па канкрэтным (зададзеным) адрасе, а па спалучэнні (асацыяцыі) адзнак, уласцівых інфармацыі, якую шукаюць. Дзякуючы стварэнню такіх штучных асацыяцый пошук і апрацоўка даных паскараецца на 2—3 дзесятковыя парадкі. Прыклады М. — левай рукі правіла, а таксама цыркавы і эстр. нумар «угадвання» думак на адлегласці і «знаходжання» прадметаў (гл. Мнематэхніка).

М.​А.​Ярмаш.

т. 10, с. 501