Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МНАГАБО́Р’І ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні, якія складаюцца з некалькіх (ад 3 да 10) відаў бегу, скачкоў і кіданняў. Класічнымі мнагабор’ямі лічацца: у мужчын дзесяцібор’е (бег на 100, 400, 1500 м і 110 м з бар’ерамі, скачкі ў вышыню, даўжыню, з шастом, кіданні дыска, кап’я і штурханне ядра), у жанчын пяцібор’е (бег на 100 м з бар’ерамі і 800 м, скачкі ў вышыню і даўжыню, штурханне ядра) і сямібор’е (акрамя відаў пяцібор’я — бег на 200 м і кіданне кап’я).

Паходзяць з часоў Стараж. Грэцыі; на Алімп. гульнях асн. відам спорту лічыўся пентатлон (пяцібор’е). Першыя спаборніцтвы па дзесяцібор’і праведзены ў Швецыі (1911), у праграму Алімп. гульняў уключаны з 1912 (Сгакгольм). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1934, камандныя спаборніцтвы на Кубак Еўропы па мнагабор’ях — з 1973. Першыя міжнар. спаборніцтвы па пяцібор’і адбыліся на жаночай Алімпіядзе (1922, г. Монтэ-Карла, Манака), чэмпіянаты Еўропы праводзіліся ў 1950—80, у праграме Алімп. гульняў — у 1964—80. Спаборніцтвы па сямібор’і праводзяцца з 1981; у праграме Алімп. гульняў — з 1984 (г. Лос-Анджэлес, ЗША).

Сярод беларускіх мнагаборцаў вызначыліся: у дзесяцібор’і — Дз.​Сухамазаў, бронз. прызёр Універсіяды (1995, Японія); у сямібор’і — жаночая каманда ў складзе Т.​Алісевіч, А.​Атрошчанка, С.​Бурага, Н.​Сазановіч, пераможца Кубка Еўропы (1995, Нідэрланды).

т. 10, с. 499

МНАГАВО́ЧКІ, чырвонцы (Chrysophanus),

род матылёў сям. блакітніц. Гл. ў арт. Блакітніцы.

т. 10, с. 499

МНАГАГРА́ННІК у трохмернай прасторы,

геаметрычная фігура, састаўленая з канечнага ліку плоскіх многавугольнікаў так, што: кожная старана любога многавугольніка з’яўляецца стараной і некаторага іншага, сумежнага з ім; кожная пара любых старон гэтых многавугольнікаў — звёны ламанай лініі, якая ўтвараецца са старон інш. многавугольнікаў. Такія многавугольнікі наз. гранямі, іх стораны і вяршыні — рэбрамі і вяршынямі М.

М. наз. выпуклым, калі ён цалкам ляжыць з аднаго боку плоскасці любой яго грані. Такі М. разразае прастору на ўнутраную і знешнюю часткі. Унутраная частка ўтварае выпуклае цела. Выпуклы М. наз. правільным, калі ўсе яго грані — роўныя правільныя многавугольнікі і ўсе мнагагранныя вуглы пры вяршынях роўныя і правільныя; такіх М. (цел Платона) 5: актаэдр, дадэкаэдр, ікасаэдр, куб, тэтраэдр. Калі ўсе грані — правільныя разнайменныя многавугольнікі, а мнагагранныя вуглы роўныя, М. наз. паўправільным (целам Архімеда; гл. Паўправільныя мнагаграннікі). Правільнымі нявыпуклымі наз. М., у якіх грані перасякаюць адна адну або самі грані з’яўляюцца самаперасякальнымі многавугольнікамі (т.зв. целы Пуансо).

Правільныя нявыпуклыя мнагаграннікі (целы Пуансо).

т. 10, с. 499

МНАГАГРА́ННЫ ВУ́ГАЛ,

частка прасторы, абмежаваная трыма ці больш плоскасцямі, якія парамі перасякаюцца і маюць адзін агульны пункт. Агульны пункт наз. вяршыняй, лініі перасячэння плоскасцей — рэбрамі, самі плоскасці — гранямі. М.в., які размешчаны з аднаго боку ад плоскасці кожнай сваёй грані, наз. выпуклым. Гл. таксама Цялесны вугал.

Мнагагранны вугал.

т. 10, с. 499

МНАГАДЗЕ́ТНАЯ СЯМ’Я́,

сям’я, у якой на ўтрыманні і выхаванні знаходзяцца 3 і больш дзяцей. Паводле заканадаўства карыстаецца пэўнымі льготамі і перавагамі. Статус М.с. пацвярджаецца пасведчаннем, якое выдаецца мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі. Узор пасведчання і парадак яго выдачы ўстанаўліваецца ўрадам.

т. 10, с. 499

МНАГАЖО́НСТВА, палігінія,

адна з форм шлюбу, калі адзін мужчына знаходзіцца ў шлюбе адначасова з некалькімі жанчынамі. Узнікла пры пераходзе да патрыярхату. Узаконена рэлігіяй у народаў, якія вызнаюць іслам; выцясняецца манагаміяй.

т. 10, с. 499

МНАГАЗВЯ́ЗНАЯ ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы,

вобласць, у якой існуюць замкнутыя крывыя, што не сцягваюцца ў пункт у межах гэтай вобласці. Напр., кальцо, дэкартавы каардынаты пунктаў якога задавальняюць няроўнасцям r​2<x​2+y​2<R​2, дзе 0<r<R. Гл. таксама Адназвязная вобласць.

Мнагазвязная вобласць (пункцірам пазначана крывая, якую нельга сцягнуць у пункт у межах вобласці).

т. 10, с. 499

МНАГАЗНА́ЧНАСЦЬ СЛО́ВА,

тое, што полісемія.

т. 10, с. 499

МНАГАЗНА́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, якая прымае некалькі значэнняў для аднаго і таго ж значэння аргумента з вобласці яе вызначэння. Напр., адваротная трыганаметрычная функцыя Arctg x = arctg x + , дзе k = 0, ±1, ±2, ... з’яўляецца бясконцазначнай. М.ф. ўзнікаюць, напр., пры рашэнні ўраўненняў. М.ф. камплекснай пераменнай вывучаюцца ў тэорыі аналітычных функцый. Асн. элементарнай аналітычнай функцыяй з’яўляецца бясконцазначная функцыя lnz, праз якую выражаюцца ўсе астатнія элементарныя функцыі.

т. 10, с. 499

МНАГАКРА́ТНАЯ РЫ́ФМА,

рыфма, якая паўтараецца ў вершы 5 і больш разоў запар. Асабліва характэрна для ўсх. паэзіі. Трапляецца і ў бел. паэзіі, для спалучэння тых радкоў твора, у якіх разгорнута адна вобразная думка:

І мне наканаваны бой З другімі і самім сабой
Бой з тупасцю. як пень, тупой,
Бой з чэрствасцю, як час, скупой.
Бой з крывадушнасцю любой.
Бяскроўны, ды смяротны бой.
Бой нерваў, сэрца перабой,
Калі нібы перад табой
Такі, як ты, ды не такі,
А пустазвоны-мастакі.
(А.​Лойка. «...І мне наканаваны бой»).

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 499