Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КВІ́ДЭ ((Quidde) Людвіг) (23.3.1858, г. Брэмен, Германія — 4.3.1941),

нямецкі гісторык, грамадскі дзеяч, пацыфіст. Д-р філасофіі. Скончыў Страсбурскі і Гётынгенскі ун-ты. У 1889 заснаваў час. «Zeitschrift für Geschichtswissenschaft» («Часопіс гістарычных навук»). З 1891 чл. Герм. т-ва міру. У 1894 стварыў у Мюнхене антываен. групу. Чл. савета Міжнар. бюро міру, старшыня Сусв. кангрэса міру (г. Глазга, Вялікабрытанія, 1901). У 1907 арганізаваў Сусв. кангрэс міру ў Мюнхене. З пач. 1-й сусв. вайны (1914) у эміграцыі. Удзельнік Гаагскай антываен. канферэнцыі (1915). Пасля вайны ў Германіі, з 1919 дэп. нар. асамблеі. Выступаў супраць Версальскага мірнага дагавора 1919, паводле якога адказнасць за вайну ўскладалася на Германію. Падтрымаў стварэнне Лігі Нацый. Пасля прыходу да ўлады Гітлера (1933) у эміграцыі. Аўтар прац «Ліга Нацый і дэмакратыя» (1920), «Гісторыя грамадскага міру ў Германіі ў сярэднія вякі» (1930). Нобелеўская прэмія міру 1927.

Л.Квідэ.

т. 8, с. 216

КВІЕТЫ́ЗМ (франц. quiétisme ад лац. quietus спакойны, ціхамірны),

рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе містычна-пасіўныя адносіны да свету, абыякавасць да ўласнага выратавання, безумоўнае падпарадкаванне божай волі. Узнік у канцы 17 ст. як апазіцыйнае вучэнне ўнутры каталіцызму. Уяўляе сабой асаблівую разнавіднасць фаталізму і маральнага нігілізму. Афіц. кіраўніцтва каталіцкай царквы асуджала К., а яго 68 палажэнняў былі аб’яўлены ерассю. Асн. яго прадстаўнікі М.Малінас (Іспанія) і Ж.-М.Гюён (Францыя) правялі частку свайго жыцця ў зняволенні. Ідэі бяздзейнасці і абыякавасці да пакут развіў у сваім вучэнні А.Шапенгаўэр. У пераносным сэнсе К. — пасіўнасць, непраціўленне, бяздзейнасць, сузіральніцтва.

А.М.Елсукоў.

т. 8, с. 216

КВІЗ (ад англ. quiz праверачнае апытанне, віктарына),

радыё- і тэлевізійная гульня на кемлівасць і эрудыцыю з пытанняў і адказаў на розныя тэмы; літ. або муз. тэлевіктарына з прызамі для пераможцаў і ўдзельнікаў.

т. 8, с. 216

КВІ́НКЕ АЦЁК, Квінке хвароба, крапіўніца гіганцкая, крапіўніца Мілтана,

абмежаваны ацёк скуры і падскурнай клятчаткі ці слізістай абалонкі, што ўзнікае востра, раптоўна. Вывучыў і апісаў ням. ўрач Г.Квінке (1882). Найчасцей бывае ў жанчын. Да рэдкай лакалізацыі паталаг. працэсу адносіцца ацёк шаравых абалонак, слізістай абалонкі маткі і мачавога пузыра.

К.а. — рэакцыя арганізма на алерген (гл. Алергія). Значная роля ў развіцці хваробы належыць спадчынным і нервова-рэфлекторным фактарам. Праяўляецца абмежаваным ацёкам на тканках губ, павек, шчок, іншы раз высыпкамі на месцы ацёку, без болю і свербу. Найб. небяспечны ацёк гартані (20—25% выпадкаў). Лячэнне: спецыфічная і неспецыфічная дэсенсібілізацыя; сродкі, што зніжаюць пранікальнасць сасудаў.

т. 8, с. 216

КВІ́НСЛЕНД (Queensland),

штат на ПнУ Аўстраліі. Пл. 1727,5 тыс. км². Нас. 3,1 млн. чал. (1993), з іх каля 80% гарадскога. Адм. ц.г. Брысбен. Усх. частка К. занятая Вялікім Водападзельным хрыбтом (выш. да 1611 м), зах. — нізіннай раўнінай. Клімат субэкватарыяльны (на Пн) і трапічны (на Пд). На ўсх. схілах гор і прыбярэжнай нізіне выпадае каля 2 тыс. мм ападкаў, месцамі да 2,5 тыс. мм. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных і субтрапічных лясоў. Для зах. раёнаў характэрны саванны і пустыні. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. На долю К. прыпадае каля 1/3 агульнааўстралійскага пагалоўя буйн. раг. жывёлы, каля 10% авечак, каля 20% свіней. На прыбярэжных раўнінах пасадкі цукр. трыснягу, трапічных фруктаў (ананасаў, бананаў, папайі, манга і інш.). На зах. схілах гор — пасевы пшаніцы і кукурузы, часта ў спалучэнні з малочнай жывёлагадоўляй. Развіта горназдабыўная прам-сць. Значная здабыча медзі, баксітаў, цынку, свінцу, рутылу, цыркону, каменнага вугалю, вальфраму, золата, урану, волава, жал. руды і інш. Маш.-буд., хім., харч., прам-сць. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Гал. індустр. цэнтры: Брысбен, Гладстан, Таўнсвіл, Ракгемптан.

т. 8, с. 216

КВІ́НТА,

гл. ў арт. Інтэрвал.

т. 8, с. 217

КВІНТДО́ЦЫМА,

гл. ў арт. Інтэрвал.

т. 8, с. 217

КВІНТЫ́ЛІЙ ВАР Публій, гл. Вар Публій Квінтылій.

т. 8, с. 217

КВІНТЫЛІЯ́Н (Марк Фабій) (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),

старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял. пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш. Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.

т. 8, с. 217

КВІНТЫЛЬЁН (франц. quintillion),

лік, які ў дзесятковым запісе мае выгляд адзінкі з 18 нулямі (лік 10​18); у некаторых краінах К. — лік 10​30.

т. 8, с. 217