КВІЕТЫ́ЗМ (франц. quiétisme ад лац. quietus спакойны, ціхамірны),

рэлігійнае вучэнне, якое прапаведуе містычна-пасіўныя адносіны да свету, абыякавасць да ўласнага выратавання, безумоўнае падпарадкаванне божай волі. Узнік у канцы 17 ст. як апазіцыйнае вучэнне ўнутры каталіцызму. Уяўляе сабой асаблівую разнавіднасць фаталізму і маральнага нігілізму. Афіц. кіраўніцтва каталіцкай царквы асуджала К., а яго 68 палажэнняў былі аб’яўлены ерассю. Асн. яго прадстаўнікі М.Малінас (Іспанія) і Ж.-М.Гюён (Францыя) правялі частку свайго жыцця ў зняволенні. Ідэі бяздзейнасці і абыякавасці да пакут развіў у сваім вучэнні А.Шапенгаўэр. У пераносным сэнсе К. — пасіўнасць, непраціўленне, бяздзейнасць, сузіральніцтва.

А.М.Елсукоў.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)