Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КВО́РУМ (лац. quorum),

устаноўленая законам або статутам грамадскай арг-цыі колькасць прысутных на сходзе або на пасяджэнні якога-н. органа, пры якой іх рашэнні з’яўляюцца правамоцнымі. Вызначаецца пэўнай лічбай або працэнтнымі адносінамі да агульнай колькасці ўдзельнікаў. У некат. выпадках пры вырашэнні асабліва важных пытанняў звычайны К. павышаецца.

т. 8, с. 218

КВО́ТА (ад позналац. quota частка, якая прыпадае на кожнага),

1) доля, частка, пай, норма, якія прыпадаюць на аднаго з удзельнікаў агульнай справы.

2) Колькасныя абмежаванні (вытв-сці, збыту, спажывання, экспарту, імпарту тавараў), якія ўводзяцца на пэўны час. Абмежавальныя меры называюцца кваціраваннем.

3) Велічыня падатку, што збіраецца з пэўнай адзінкі абкладання.

т. 8, с. 218