КВІ́ДЭ ((Quidde) Людвіг) (23.3.1858, г. Брэмен, Германія — 4.3.1941),
нямецкі гісторык, грамадскі дзеяч, пацыфіст. Д-р філасофіі. Скончыў Страсбурскі і Гётынгенскі ун-ты. У 1889 заснаваў час. «Zeitschrift für Geschichtswissenschaft» («Часопіс гістарычных навук»). З 1891 чл.Герм.т-ва міру. У 1894 стварыў у Мюнхене антываен. групу. Чл. савета Міжнар. бюро міру, старшыня Сусв. кангрэса міру (г. Глазга, Вялікабрытанія, 1901). У 1907 арганізаваў Сусв. кангрэс міру ў Мюнхене. З пач. 1-й сусв. вайны (1914) у эміграцыі. Удзельнік Гаагскай антываен. канферэнцыі (1915). Пасля вайны ў Германіі, з 1919 дэп.нар. асамблеі. Выступаў супраць Версальскага мірнага дагавора 1919, паводле якога адказнасць за вайну ўскладалася на Германію. Падтрымаў стварэнне Лігі Нацый. Пасля прыходу да ўлады Гітлера (1933) у эміграцыі. Аўтар прац «Ліга Нацый і дэмакратыя» (1920), «Гісторыя грамадскага міру ў Германіі ў сярэднія вякі» (1930). Нобелеўская прэмія міру 1927.