Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗІГАМІЦЭ́ТЫ

(Zygomycetes),

клас ніжэйшых грыбоў. 4 парадкі: мукаральныя (Mucorales), эндаганальныя (Éndogonales), энтамафтаральныя (Entomophthorales), заапагавыя (Zoopagales). 40 родаў, больш за 500 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі каля 20 відаў з парадкаў мукаральных і энтамафтаральных. Сапратрофы, ёсць паразіты. Пасяляюцца ў глебе, на агародніне, псуюць харч. прадукты, выклікаюць мукарамікозы жывёл і чалавека, гніенне с.-г. прадукцыі. Некат. віды з родаў мукор, фікаміцэс і інш. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. і харч. прам-сці, віды энтамафтаральных — для біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.

Міцэлій добра развіты, шмат’ядзерны, няклетачны, у спелым стане падзелены на клеткі. У клетачных абалонках ёсць хіцін, хітазан, часам глюкан. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак) з утварэннем зігаспораў (адсюль назва). Зігота ўтварае спарангій з рознымі па палавым знаку спорамі ў адрозненне ад бясполага спарангія. Бясполае размнажэнне нерухомымі спарангіяспорамі або канідыямі. Органы бясполага размнажэння марфал. разнастайныя (сістэм. прыкмета).

т. 7, с. 64

ЗІГАМО́РФНАЯ КВЕ́ТКА,

кветка, у якой праз вось суквецця можна правесці толькі адну плоскасць сіметрыі, напр., у бабовых, губакветных, архідных. Узнікла ў працэсе эвалюцыі як вынік прыстасаванасці да апылення насякомымі, якія могуць пранікаць у кветку адзіным шляхам.

т. 7, с. 64

ЗІ́ГМАНДЗІ, Жыгмандзі (Zsigmondy) Рыхард Адольф (1.4.1865, Вена — 23.9.1929), аўстрыйскі фізікахімік. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1887) і Мюнхенскі ун-т (1889). З 1903 у Гётынгенскім ун-це (праф. з 1908). Навук. працы па калоіднай хіміі. Прапанаваў класіфікацыю калоідных часцінак, устанавіў мікрагетэрагенную прыроду калоідных раствораў і даследаваў іх уласцівасці. Сканструяваў шчылінны аптычны (для назірання броўнаўскага руху часцінак калоідных раствораў, 1903) і імерсійны (1913) ультрамікраскопы. Вынайшаў мембранны (1918) і звыштонкі (1922) фільтры для ультрафільтрацыі калоідных раствораў. Нобелеўская прэмія 1925.

Р.Зігмандзі.

т. 7, с. 64

ЗІГО́ТА

(ад грэч. zygotos злучаны разам),

клетка, утвораная зліццём мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет) у жывёльных і раслінных арганізмах; пачатковая стадыя развіцця зародка. Ядры гамет зліваюцца ў адно, але храмасомы кожнай гаметы зберагаюць сваю індывідуальнасць. З. мае двайны набор храмасом — дыплоідная фаза развіцця арганізма. Гл. таксама Дыплоід, Апладненне.

т. 7, с. 64

ЗІГРО́ЎСКІ Антон Антонавіч

(6.2.1906, Мінск — 1937),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). Выступаў у Трупе У.Галубка (БДТ-3). Творчай манеры характэрны высокае майстэрства пераўвасаблення, дакладны псіхал. малюнак, тонкі артыстызм. Найб. значныя ролі: памешчык («Пінская мадонна» У.Галубка), Вася Балабан («Гісторыя пяці хвастоў» Л.Левіна), Лундышаў («Гадзіншчык і курыца» І.Качаргі), Кадлуб-Дабравольскі («Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка), Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага) і інш. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1957.

А.А.Згіроўскі.

т. 7, с. 45

ЗІГФРЫ́ДАН Іван

(Зігфрыд Іаган),

бел. архітэктар. З 1772 губернскі архітэктар Полацкай, з 1796 Віцебскай, з 1799 Беларускай губерняў. Яго творчасць была пераходнай ад барока да класіцызму. Асн. работы: палац віцэ-губернатара і дом каменданта ў Віцебску (абодва 1780; не захаваліся); у Полацку — комплекс жылых і адм. будынкаў на гал. плошчы (1783—86) і план-чарцёж горада (1793). Яго тыпавыя праекты казённых дамоў (суд, магістрат, магазіны) у 1780—95 сфарміравалі ансамблі цэнтраў Дрысы (цяпер г. Верхнядзвінск), Рэжыцы (цяпер г. Рэзекне, Латвія), Гарадка і інш. Пабудовы, створаныя ім, вылучаюцца манументальнасцю і рацыянальнасцю планіровачных вырашэнняў.

т. 7, с. 65

ЗІ́Г-МАШЫНА, зік-машына (ням. Siekenmaschine),

станок (машына) для ўтварэння на тонкіх лістах, трубах паглыбленняў і выступаў (зігаў) шляхам абкаткі паміж двума прафіляванымі ролікамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. На З. робяць таксама праўку і каліброўку зігаў.

т. 7, с. 64