ЗІ́ГМАНДЗІ, Жыгмандзі (Zsigmondy) Рыхард Адольф (1.4.1865, Вена — 23.9.1929), аўстрыйскі фізікахімік. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1887) і Мюнхенскі ун-т (1889). З 1903 у Гётынгенскім ун-це (праф. з 1908). Навук. працы па калоіднай хіміі. Прапанаваў класіфікацыю калоідных часцінак, устанавіў мікрагетэрагенную прыроду калоідных раствораў і даследаваў іх уласцівасці. Сканструяваў шчылінны аптычны (для назірання броўнаўскага руху часцінак калоідных раствораў, 1903) і імерсійны (1913) ультрамікраскопы. Вынайшаў мембранны (1918) і звыштонкі (1922) фільтры для ультрафільтрацыі калоідных раствораў. Нобелеўская прэмія 1925.