ЗІГФРЫ́ДАН Іван

(Зігфрыд Іаган),

бел. архітэктар. З 1772 губернскі архітэктар Полацкай, з 1796 Віцебскай, з 1799 Беларускай губерняў. Яго творчасць была пераходнай ад барока да класіцызму. Асн. работы: палац віцэ-губернатара і дом каменданта ў Віцебску (абодва 1780; не захаваліся); у Полацку — комплекс жылых і адм. будынкаў на гал. плошчы (1783—86) і план-чарцёж горада (1793). Яго тыпавыя праекты казённых дамоў (суд, магістрат, магазіны) у 1780—95 сфарміравалі ансамблі цэнтраў Дрысы (цяпер г. Верхнядзвінск), Рэжыцы (цяпер г. Рэзекне, Латвія), Гарадка і інш. Пабудовы, створаныя ім, вылучаюцца манументальнасцю і рацыянальнасцю планіровачных вырашэнняў.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)