ЗІ́ГЕРС (Seghers) Ганна [сапр. Радвані
(Radványi) Неці; 19.11.1900, г. Майнн, Германія — 1.6.1983], нямецкая пісьменніца. Чл. Ням. АМ (з 1950). Вучылася ў Кёльнскім і Гайдэльбергскім (1920—24) ун-тах. У 1933—47 у эміграцыі (Францыя, Мексіка). Першыя буйныя творы — аповесць «Паўстанне рыбакоў» (1928) і раман «Спадарожнікі» (1932). Аўтар антыфаш. раманаў «Ацэненая галава» (1933),
«Шлях праз люты» (1935), «Выратаванне» (1937), «Сёмы крыж» (выд. на англ. мове 1942, на ням. мове 1946), «Транзіт» (1943, апубл. 1948). Асн. тэма рамана «Мёртвыя застаюцца маладымі» (1949) — лёс Германіі і ням. народа ад 1-й да 2-й сусв. войнаў; аповесць «Чалавек і яго імя» (1952) і раманы «Рашэнне» (1959), «Давер» (1968) прысвечаны праблемам пасляваен. Германіі. Аўтар зб. апавяд. «Дзіўныя сустрэчы» (1973). Нац. прэміі ГДР 1951, 1959, 1971. Асобныя апавяданні З. на бел. мову пераклалі М.Навіцкі, С.Дзяргай, А.Зарыцкі.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1982—84.
Літ.:
Мотылева Т.Л. Анна Зегерс: Личность и творчество. М., 1984.
Е.А.Лявонава.
т. 7, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)