Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯТРУ́ХНА (Аляксей Радзівонавіч) (2.5.1939, в. Дзвіжкі Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 6.2.1984),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу і графіцы. Сярод твораў: «Маці і дзіця» (1966), «Сельскі матыў» (1969), «Юнацтва», «Зімовая казка» (абодва 1970), «Новы мікрараён Мінска» (1971), «Зямля» (1975), «У майстэрні» (1977), «Старое дрэва», «Вячэрні горад» (абодва 1979), «Дыханне зямлі» (1980), «Вулачкі старога Мінска» (1982), «Купалава слова», «Асеннія фарбы» (абодва 1983), «Астрашыцкія матывы» (1984), шматлікія партрэты. Творам характэрны падкрэслена лінеарны пачатак, насычанасць колеру.

А.​Я.​Белы.

А.Пятрухна. У майстэрні. 1977.

т. 13, с. 173

ПЯТРУ́ШКА (Petroselinum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. 4 віды. Пашыраны ў Зах. і Паўд. Еўропе. Стараж. культура Міжземнамор’я П. агародная, ці пасяўная (P. sativum, або P. crispum) вырошчваецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Аўстраліі. Мае 2 разнавіднасці: П. каранёвая з патоўшчаным караняплодам і П. лісцевая з тонкім верацёнападобным караняплодам і вял. колькасцю лісця.

Адна- і двухгадовыя травы. Лісце перыстарассечанае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, у складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Караняплоды і лісце П. агароднай маюць вітамін С (70—400 мг%), карацін, мінер. солі, плады — да 6% эфірнага алею. Выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прам-сці, кулінарыі, пры кансерваванні.

В.​М.​Прохараў.

Пятрушка агародная: 1 — лісцевая; 2 — каранёвая.

т. 13, с. 173

ПЯТРУ́ШКА (Сяргей Антонавіч) (н. 6.4.1940, в. Палянічыцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). У 1969—72 і з 1982 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (заг. лабараторыі). Навук. працы па эфектыўных кірунках развіцця жывёлагадоўлі, расплоджванні, селекцыі, удасканаленні і стварэнні новых парод мясной буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Методыка ацэнкі быкоў мясных парод па якасці патомства (разам з В.​С.​Антанюком, В.​Н.​Сырычавым) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1987. № 3;

К вопросу о развитии мясного скотоводства в Белорусской ССР (разам з У.​І.​Шляхтуновым) // Науч.-техн. бюл. Харьков, 1989. № 48.

т. 13, с. 173

ПЯТРЫ́ЦКІ (Анатоль Галакціёнавіч) (12.2.1895, Кіеў — 6.3.1964),

украінскі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім маст. вучылішчы (1910—18), Вышэйшых маст.-тэхн майстэрнях у Маскве (1922—24). У 1946—50 выкладаў у Кіеўскім маст. ін-це (з 1947 праф.). Ствараў аб’ёмна-прасторавыя дэкарацыі ў жывапісна-дэкар. манеры, заснаванай на глыбокім вывучэнні нар. ўкр. мастацтва, да пастановак у т-рах Кіева, Харкава, Вял. т-ра ў Маскве. Аформіў оперы «Сарочынскі кірмаш» М.​Мусаргскага (1925), «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага (1941), «Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча (1953), «Тарас Бульба» М.​Лысенкі (1955), «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1956), «Дзекабрысты» Ю.​Шапорына (1953), балеты «Карсар» А.​Адана (1926), «Лілея» Данькевіча (1945), спектакляў «Вій» А.​Вішні (1925), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «Макар Дубрава» (1948) і «Калінавы гай» (1950) А.​Карнейчука. Аўтар станковых карцін («Натуршчыца», 1923; «Барыкады», 1925; «Парк у Харкаве», 1935), манум. размалёвак у Кіеве, Камянцы-Падольскім, паліт. плакатаў, ілюстрацый да кніг і часопісаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.

Літ.:

Анатолій Петрицкий: Спогади про художника. Київ, 1981.

Л.​Ф.​Салавей.

А.Пятрыцкі. Эскіз касцюма да оперы М.​Лысенкі «Тарас Бульба».

т. 13, с. 173

ПЯТРЫ́ШКІ,

вёска ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Заслаўе—Радашковічы; чыг. ст. (Радашковічы) на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета. За 37 км на ПнЗ ад Мінска. 1844 ж., 628 двароў (2001). Пуцявая машынная станцыя № 71. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 13, с. 174

ПЯТРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ізаўка, каля аўтадарогі Навагрудак—Бярозаўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнЗ ад г. Навагрудак, 174 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Наваельня. 511 ж., 175 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 174

ПЯТРЭ́НКА (Аляксей Васілевіч) (н. 26.3.1938, с. Чэмер Чарнігаўскай вобл., Украіна),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1988). Скончыў Харкаўскі тэатр. ін-т (1961). З 1961 у т-рах Запарожжа і Данецка, з 1964 у Ленінградскім т-ры імя Ленсавета, з 1977 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, у 1978—83 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, у 1991—92 у т-ры «Школа сучаснай п’есы». Мастацтву П. ўласцівы тэмпераментнасць, здольнасць да псіхал. аналізу вобраза: Дзіма («Качынае паляванне» А.​Вампілава), Сцяпан («А што гэта ты ў фраку?» Д.​Сухарава паводле «Прапановы» А.​Чэхава). З 1967 здымаецца ў кіно: «Кароль Лір» (1971), «Агонія» (1974), «Дваццаць дзён без вайны» (1976), «Ключ без права перадачы», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (абодва 1977), «Жаніцьба» (1978), «Гракі» (1983), «Жорсткі раманс», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (абодва 1984), «Наш браняпоезд», «Вязень замка Іф» (абодва 1988), «Кааператыў «Палітбюро», «Мушкецёры дваццаць гадоў пасля» (1992), «Імперыя піратаў» (1994), «Руская ідэя» (1995), «Агапэ» (1996), «Сібірскі цырульнік» (1999), «У жніўні 44-га» (2000) і інш.

т. 13, с. 174

ПЯТРЭ́НКА (Мікалай Макаравіч) (19.12.1919, в. Барбароў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 3.1.1997),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар, педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1940). З 1946 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1960 у Полацкім пед. вучылішчы. Песням П. ўласцівы меладычнасць, выкарыстанне інтанацый бел. песеннага фальклору. Найб. папулярныя: «Ручнікі», «Прывітальная», «Вочы зямлі маёй» і інш. Аўтар зб. песень на вершы бел. паэтаў «Беларусі мілай» (1997) і інш.

Н.​Я.​Гальпяровіч.

т. 13, с. 174

ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі

(А.​Р.​Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.​Г.​Кнорын),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​Х.​Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.​І.​Вайнштэйн); агр. пытанне (А.​С.​Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.​Ш.​Ходаш); асвета і задачы партыі (С.​З.​Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.​П.​Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНК БССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах. эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБ КП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 13, с. 174

«ПЯ́ТЫ ПОЛК» (шталаг №313) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 на паўн.-зах. ускраіне г. Віцебск для масавай загубы сав. ваеннапалонных на тэр. б. сав. ваен. гарадка 5-га чыг. палка. За калючым дротам утрымлівалася адначасова да 40 тыс. вязняў. У сак.—крас. 1943 сюды змясцілі каля 20 тыс. грамадзян горада і навакольных вёсак, схопленых у часы аблаў. Пасля знішчэння ваеннапалонных лагер выкарыстоўвалі да лют. 1944 як перасылачны, потым як лагер для цывільнага насельніцтва. Праз лагер прайшло больш за 150 тыс. чал., з іх загублена больш за 80 тыс., у т. л. каля 12 тыс. мірных жыхароў. 3.6.1944 сав. войскі вызвалілі каля 8 тыс. чал. На месцы лагера помнік на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму.

Літ.:

В памяти народной. Мн., 1969;

Витебск: Энцикл. справ. Мн., 1988. С. 215.

В.​М.​Кучарэнка.

т. 13, с. 174