род кветкавых раслін сям. парасонавых. 4 віды. Пашыраны ў Зах. і Паўд. Еўропе. Стараж. культура Міжземнамор’я П. агародная, ці пасяўная (P. sativum, або P. crispum) вырошчваецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Аўстраліі. Мае 2 разнавіднасці: П. каранёвая з патоўшчаным караняплодам і П. лісцевая з тонкім верацёнападобным караняплодам і вял. колькасцю лісця.
Адна- і двухгадовыя травы. Лісце перыстарассечанае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, у складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Караняплоды і лісце П. агароднай маюць вітамін С (70—400 мг%), карацін, мінер. солі, плады — да 6% эфірнага алею. Выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прам-сці, кулінарыі, пры кансерваванні.