Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛАСКАРЭ́З-ГЛЫБОКАРЫХЛІ́ЦЕЛЬ,

прылада для глыбокага рыхлення глебы без яе перамешвання і пашкоджвання ржышча. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі.

П.-г. падразае карані пустазелля на глыбіні 12—30 см, а ржышча, што застаецца на паверхні поля, затрымлівае снег, засцерагае глебу ад выдзімання і змыву, садзейнічае назапашванню вільгаці. Пашыраны навясны на трактар культыватар -П.-г. з адным або некалькімі рабочымі органамі і прычапны культыватар — пласкарэз-угнойвальнік для раўнамернага ўнясення ў глебу грануляваных мінер. угнаенняў.

В.​М.​Кандрацьеў.

Навясны пласкарэз-глыбокарыхліцель: 1 — навясное прыстасаванне; 2 — апорнае кола з механізмам рэгуліроўкі глыбіні апрацоўкі глебы; 3 — рабочы орган.

т. 12, с. 409

ПЛАСКАЦЕ́ЛКІ (Cucujidae),

сямейства разнаедных жукоў. Больш за 1100 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пад карой дрэў, на складах харч. прадуктаў. Некат. пашкоджваюць збожжа, муку, крупы, сухую садавіну і інш.; некат. знішчаюць караедаў і інш. шкоднікаў. На Беларусі 20 відаў. Найб. трапляюцца мукаеды рыжы (Laemophloeus ferrugineus) і сурынамскі (Oryzaephilus surinamensis), пласкацел чырвоны (Cucujus haematodes, або C. cinnaberinus).

Даўж. да 30 мм (на Беларусі да 6 мм). Цела пляскатае, афарбоўка чорная, бурая, чырв. або жоўтая. Вусікі 11-членікавыя, нітка- або булавападобныя. Ногі ўкарочаныя, пераважна 5-членікавыя. Надкрылы з кропкавымі баразёнкамі або падоўжнымі кілямі. Лічынкі плоскія, прадаўгаватыя, з 2 загнутымі адросткамі на канцы цела. Пераважна драпежнікі, некат. ўсёедныя.

С.​Л.​Максімава.

Пласкацелкі: 1 — мукаед сурынамскі; 2 — пласкацел чырвоны.

т. 12, с. 409

ПЛАСКАЦЕ́ЛКІ (Tenuipalpidae),

сямейства расліннаедных членістаногіх атр. акарыформных кляшчоў кл. павукападобных. Блізкія да павуцінных кляшчоў. Жывуць пераважна на дрэвах, некат. на злакавых раслінах.

Даўж. да 1 мм. Цела ўкрыта кутыкулай. Афарбоўка жоўтая, зялёная, чырвоная розных адценняў. Ротавыя органы колюча-сысучага тыпу.

т. 12, с. 409

ПЛАСКІ́НЬ,

вёска ў Бобрыкаўскім с/с Пінскага р-на Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Лапшын—Ганцавічы. Цэнтр калгаса. За 56 км на ПнУ ад г. Пінск, 225 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Парахонск. 607 ж., 290 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 409

ПЛАСКО́Ў (Рыгор Давыдавіч) (20.12.1898, Мінск — 2.11.1972),

генерал-лейтэнант артылерыі (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У Чырв. гвардыі з 1917, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, баёў на Паўд., Паўд.-Зах. і Зах. франтах, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, 2-м Укр., 1-м Бел. франтах: камандуючы артылерыі дывізіі, корпуса, арміі. Да 1956 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Пад грукат кананады» (1969).

т. 12, с. 409

ПЛА́СТАЎ (Аркадзь Аляксандравіч) (31.1.1893, с. Прысланіха Ульянаўскай вобл., Расія — 12.5.1972),

расійскі мастак. Нар. маст. СССР (1962). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Строганаўскім цэнтр. мастацка-прамысл. вучылішчы (1912—14), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1914—17). Жыў на радзіме. У 1920 — пач. 1930-х г. працаваў пераважна ў галіне плаката і кніжнай графікі. З 1935 пісаў партрэты і жанравыя карціны, прасякнутыя паэт. успрыняццем рус. прыроды, жыцця вёскі, апяваннем працы і духоўнай прыгажосці сваіх землякоў. У сваёй творчасці П. прадаўжаў і развіваў традыцыі рус. пленэрна-жанравага жывапісу канца 19 — пач. 20 ст. Творам уласцівы разняволеная прастата кампазіцыі з размяшчэннем буйных дакладна перададзеных фігур на першым плане, стрыманая мажорнасць цёплых фарбаў: «Калгасны статак» (1937), «Фашыст праляцеў» (1942), «Сенакос», «Жатва» (абодва 1945), цыкл «Людзі калгаснай вёскі» (1951—65; у т. л. «Віця-падпасак», 1951; «Вясна», 1954; «Дзяўчына з веласіпедам», 1956; «Мама», 1964, і інш.), «Вогнішча ў полі» (1968—69), «З мінулага» (1969). Сярод графічных работ іл. да апавяданняў А.​Чэхава (1920—27), аповесці Л.​Талстога «Халстамер» (1952—54), да паэмы М.​Някрасава «Мароз, Чырвоны нос» (1949). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Я.​Рэпіна 1972.

Літ.:

Пластов Н.А., Сысоев В.П. А.​А.​Пластов: [Альбом]. Л., 1979.

А.Пластаў. Вясна. 1954.

т. 12, с. 409

ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ, ШКЛОВАЛАКНІ́СТЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ, ШКЛОПЛА́СТЫКАЎ І ВЫ́РАБАЎ З ІХ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін хім. прамысловасці. На Беларусі ўключае падгаліны: вытв-сць вырабаў з пластмас (63,4% у 1999); плёнак, труб і лістоў з палімерных матэрыялаў (17,9%); неперарыўнага шкловалакна і вырабаў з яго (8,7%); шклопластыкаў і вырабаў з іх (6,3%); палімернай тары (3,7%). Выпускае больш за 1000 найменняў прадукцыі: поліэтылен, поліэтыленавую плёнку, шкловалакно, пластмасавую тару, разнастайныя вырабы з пластмасы, поліэтыленавыя трубы, тару і інш. Развіццё галіны пачалося пераважна ў 1950-я г. У 1957 першую прадукцыю даў Полацкі завод шкловалакна, у 1968 — Полацкі хім. камбінат (зараз ВА «Палімір»). У 1999 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме хім. прам-сці складала 12,2%, прамыслова-вытв. персаналу — 12,1%, сродкаў вытв-сці — 9,2%. На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 52 прадпрыемствы і вытв-сці галіны. Найб. сярод іх, акрамя названых, — мінскі завод «Тэрмапласт» (вырабы з пластмасы для аўтамабільнай, трактарнай і электратэхн. прам-сці, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў (трубы з поліэтылену для водазабеспячэння і каналізацыі), Барысаўскі з-д «Паліміз» (палімерная тара), Магілёўскі з-д палімерных труб, з-д пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў у в. Сінкевічы Лунінецкага р-на, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (пластмасы цеплаправодныя і цяжкагаручыя), акц. т-ва «Лідбудпласт» і інш. Прадпрыемствы галіны дзейнічаюць таксама ў Брэсце, Жлобіне, Рагачове, Ганцавічах, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Іўі, Жодзіне, Ашмянах і інш. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі — бел.-ізраільскае «Леор-пластык» у Навагрудку (пластмасавыя слоікі, посуд, поліэтыленавыя накрыўкі); бел.-венгерскае «Новіпласт» у Наваполацку (вырабы з пластмасы); бел.-германскае «Beker—System—Belarus» (аконныя блокі з пластмас). Амаль шостая ч. прадукцыі галіны экспартуецца за мяжу. З інш. краін найб. развіта галіна ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітаі, Расіі.

П.​І.​Рогач.

Матэрыялы і вырабы з сінтэтычных смол і пластычных мас у Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя 1990 1995 1998
Трубы і дэталі трубаправодаў з тэрмапластаў, тыс. т 6,2 1,4 1,7
тыс. км 18,2 1,9 2,7
Лісты з тэрмапластаў, тыс. т 13,8 10,5 1,0
Шклапластыкі і вырабы з іх, тыс. т 1,0 0,6 1,9
Шкловалакно неперарыўнае і вы­рабы з яго, тыс. т 20,6 11,3 13,7

т. 12, с. 410

ПЛАСТО́М (ад грэч. plastos вылеплены),

сукупнасць генаў, што размешчаны ў кальцавых малекулах ДНК пластыд. У кааперацыі з генамі ядра П. забяспечвае ўласнае ўзнаўленне і рэалізацыю генет. інфармацыі ў пластыдах. Характарызуецца множнасцю копій ДНК на клетку і пластыду. Вывучэнне П. дазваляе мэтанакіравана праводзіць селекцыю высокаўраджайных сартоў культ. раслін, якія маюць высокую актыўнасць фотасінтэзу.

т. 12, с. 410

ПЛАСТЫ́ДЫ (ад грэч. plastides якія ўтвараюць ад plastos вылеплены),

цытаплазматычныя структуры (арганоіды) расліннай клеткі. Кожная пластыда абмежавана дзвюма мембранамі. Разнастайныя па форме, памерах, будове, функцыі. Па афарбоўцы адрозніваюць П. зялёныя — хларапласты, жоўта-аранжавыя і чырв. храмапласты і бясколерныя — лейкапласты. Магчымы ўзаемныя пераўтварэнні. Звязаны паміж сабой адзіным паходжаннем. Звычайна ў клетцы знаходзіцца адзін з вызначаных трох тыпаў. Сукупнасць усіх П. клеткі наз. пластыдома.

т. 12, с. 410

ПЛА́СТЫКА (ад грэч. plastikē скульптура),

1) у выяўленчым мастацтве тое, што скульптура. У вузкім сэнсе — тэхніка скульптуры з мяккіх матэрыялаў; тое, што лепка.

2) Эмацыянальная выразнасць маст. формы, гармонія, зграбнасць.

3) У танцы плаўнасць, зграбнасць рухаў, гарманічная ўзгодненасць поз.

т. 12, с. 410