ПЛАСКАЦЕ́ЛКІ (Cucujidae),

сямейства разнаедных жукоў. Больш за 1100 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пад карой дрэў, на складах харч. прадуктаў. Некат. пашкоджваюць збожжа, муку, крупы, сухую садавіну і інш.; некат. знішчаюць караедаў і інш. шкоднікаў. На Беларусі 20 відаў. Найб. трапляюцца мукаеды рыжы (Laemophloeus ferrugineus) і сурынамскі (Oryzaephilus surinamensis), пласкацел чырвоны (Cucujus haematodes, або C. cinnaberinus).

Даўж. да 30 мм (на Беларусі да 6 мм). Цела пляскатае, афарбоўка чорная, бурая, чырв. або жоўтая. Вусікі 11-членікавыя, нітка- або булавападобныя. Ногі ўкарочаныя, пераважна 5-членікавыя. Надкрылы з кропкавымі баразёнкамі або падоўжнымі кілямі. Лічынкі плоскія, прадаўгаватыя, з 2 загнутымі адросткамі на канцы цела. Пераважна драпежнікі, некат. ўсёедныя.

С.​Л.​Максімава.

Пласкацелкі: 1 — мукаед сурынамскі; 2 — пласкацел чырвоны.

т. 12, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)