КЕМІ́-АБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі энеаліту на тэр. ад Тамані на У да нізоўяў Дняпра і Паўд. Буга на З, ад Крыма на Пд да шыраты Днепрапятроўска на Пн. Назва ад кургана Кемі-Аба, даследаванага ў 1957. У К.-а.к. вылучаюць крымскі, прыазоўскі і паўночначарнаморскі варыянты, раннюю, развітую і познюю фазы. Выяўлены паселішчы адкрытага тыпу, пахаванні развітой і позняй фаз пад курганамі, якія маюць «панцырную» каменную выкладку, на сценах каменных скрынь-магіл паліхромную размалёўку. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, паляваннем і прыбярэжным марскім промыслам. Развітая фаза К.-а.к. датуецца 3-м тыс. да н.э., верхняя дата — 17 ст. да н.э.
І.М.Язэпенка.
т. 8, с. 227
КЕ́МІ-ІО́КІ (Kemijoki),
рака на Пн Фінляндыі. Даўж. 552 км, пл. бас. 51,4 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах грады Манселькя, цячэ пераважна па нізкагор’ях і ўзгорыстай раўніне, перасякае воз. Кеміярві, упадае ў Батнічны зал. Балтыйскага мора. Веснавое разводдзе, асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 520 м³/с. Сплаўная. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў нізоўях. На рацэ г. Рованіемі, каля вусця марскі порт Кемі.
т. 8, с. 227
КЕ́МПА БЕ́РАГ (Kemp Coast),
частка ўзбярэжжа Антарктыды на У ад Зямлі Эндэрбі (56° — 59°40′ усх. д.). Абмываецца морам Садружнасці. Б. ч. тэрыторыі знаходзіцца пад мацерыковым лёдам, які ўтварае высокія ледзяныя абрывы. Адкрыты англ. экспедыцыяй у 1833, пазней названы імем П.Кемпа — капітана судна «Магнет» гэтай экспедыцыі.
т. 8, с. 227
КЕ́МПЕ (Kempe; сапр. Найкоўская) Мірдза Янаўна
(9.1.1907, г. Ліепая, Латвія — 12.4.1974),
латышская паэтэса. Нар. паэтэса Латвіі (1967). Засл. дз. культ. Латвіі (1957). Чл.-кар. АН Латвіі (1973). Вучылася ў Латвійскім ун-це (1927—28). Друкавалася з 1923. У зб-ках вершаў «Ранішні вецер» (1946), «Словы сябра» (1950), «Каханне» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), «Я не магу маўчаць» (1959), «Вечнасць імгненняў» (1964, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Шлях чалавека» (1969), «Шыпшына» (1972) і інш. сцвярджэнне гуманіст. ідэалаў, адзінства чалавека і прыроды, асэнсаванне сац. супярэчнасцей сучаснай эпохі. Яе лірыка адметная публіцыстычнай палымянасцю, тонкім лірызмам. Некалькі вершаў прысвяціла Беларусі. Пераклала на лат. мову асобныя творы С.Грахоўскага, М.Калачынскага, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Кавалюк, Калачынскі, І.Калеснік, В.Лукша, Ю.Свірка, М.Танк, У.Шахавец.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Ветрык, вей! Мн., 1959;
Рус. пер. — Избранное: Стихотворения, лирические миниатюры. М., 1982.
т. 8, с. 227
КЕ́МПІНГ (англ. camping),
летні лагер для аўтатурыстаў з палаткамі або домікамі лёгкага тыпу і месцамі для стаянкі аўтамабіляў. Функцыянаванне К. заснавана на самаабслугоўванні турыстаў. Пастаяннымі збудаваннямі звычайна з’яўляюцца адм. блок з пунктам пракату быт. прадметаў, спальныя павільёны з пакоямі на 2—4 чал., кухня, душавыя, эстакады для агляду і мойкі аўтамабіляў. К. часам уключаюць сталовую, пральню, спарт. і танц. пляцоўкі, кіназал, аддз. сувязі, крамы і інш.
т. 8, с. 227
КЕ́МПФЕР ((Kaempfer) Энгельберт) (16.9.1651, г. Лемга, Германія — 2.11.1716),
нямецкі ўрач, натураліст, падарожнік па Азіі. Наведаў Паўд. Аравію, в-аў Цэйлон, Індыю, а-вы Суматра і Ява, Індакітай. У 1690 трапіў у Японію (адзін з першых еўрапейцаў) і пражыў там 2 гады. Сабраў звесткі пра гісторыю, прыроду, дзярж. лад краіны, калекцыі, зрабіў шматлікія замалёўкі. Яго твор «Гісторыя Японіі і Сіяма» доўгі час быў гал. крыніцай звестак пра Японію.
т. 8, с. 227
КЕ́НА,
горад у Егіпце, на Ніле. Адм. ц. мухафазы Кена. Каля 500 тыс. ж. (1997, з прыгарадамі). Трансп. вузел. Рачны порт. Тэкст. і цукр. прам-сць. Рамесніцкая вытв-сць ганчарных вырабаў і лодак (фелюг).
т. 8, с. 227
КЕ́НАЙ (Kenai),
паўвостраў у Паўн. Амерыцы, на Пд Аляскі (ЗША). Удаецца ў заліў Аляска на 240 км. Шыр. да 113 км. На З абмежаваны зал. Кука, на У — зал. Прынс-Уільям. Берагі на У фіёрдавыя, на З — нізінныя. Рэльеф гарысты, выш. да 1884 м. Ледавікі. Клімат халодны акіянічны. Ападкаў да 1500 мм за год. Хвойныя лясы, лугі. Нац. парк Кенай—Ф’ёрдс, Кенайскі ласіны рэзерват. Здабыча газу (Кенай) і нафты (Суонсан-Рывер). Порт — Сьюард.
т. 8, с. 227
КЕ́НАН ((Kennan) Джордж Фрост) (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),
амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.
т. 8, с. 227