Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́РНЫ МАСІ́Ў,

ізаляваны ўчастак гор, які мае амаль аднолькавую даўжыню і шырыню і вызначаецца адносна слабай расчлянёнасцю. Могуць быць тэктанічнага і вулканічнага паходжання (напр., Эльбрус у гарах Каўказа, Татры ў Карпатах).

т. 5, с. 365

ГО́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па забеспячэнні дзярж. кантролю за выкананнем правіл, нормаў і інструкцый, распрацоўкай і правядзеннем прафілактычных мер па тэхніцы бяспекі і ахове нетраў. У Рэспубліцы Беларусь горны нагляд ажыццяўляецца К-там па нагляду за бяспечным вядзеннем работ у прам-сці і атамнай энергетыцы Мін-ва па надзвычайных сітуацыях і ахове насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Праматамнагляд) і яго структурнымі падраздзяленнямі. Горны нагляд устанаўліваецца за горнымі работамі, звязанымі са здабычай карысных выкапняў, надземнымі трансп. і гідратэхн. збудаваннямі, работамі па геал. вывучэнні нетраў, перапрацоўкай мінер. сыравіны, аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем, геал.-маркшэйдэрскім кантролем. Органы горнага нагляду маюць правы: прыпыняць работы па выкарыстанні нетраў у выпадках парушэння правіл і нормаў па бяспечным вядзенні работ і ахове нетраў; спыняць самавольнае карыстанне нетрамі; даваць абавязковыя для выканання ўказанні аб ліквідацыі парушэнняў; расследаваць абставіны і прычыны аварый і прымаць па іх выніках адпаведныя рашэнні; накладваць адм. спагнанні на службовых асоб і грамадзян за парушэнні горнага заканадаўства ці перадаваць матэрыялы ў органы пракуратуры. Парадак ажыццяўлення горнага нагляду рэгламентуецца Палажэннем, зацверджаным пастановай урада Беларусі 13.10.1995.

С.У.Скаруліс.

т. 5, с. 365

ГО́РНЫ ПРАХО́Д,

скразное глыбокае паніжэнне ў горным хрыбце, радзей паміж блізка размешчанымі хрыбтамі. Шырыня звычайна некалькі кіламетраў, часам некалькі соцень метраў. Часта мае важнае трансп. ці стратэгічнае значэнне (напр., Кілікійскія Вароты ў гарах Таўр у Турцыі, Джунгарскія Вароты паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау і Барлык у Казахстане). Гл. таксама Перавал.

т. 5, с. 365

ГО́РНЫ ЎДА́Р,

раптоўнае ўзрывападобнае разбурэнне гранічна напружанай ч. масіву карыснага выкапня (пласта вугалю, пароды), які прылягае да падземнай горнай вырабаткі. Суправаджаецца выкідам карыснага выкапня ці пароды ў горную вырабатку, моцным гукам і магутнай паветр. хваляй, разбурэннем мацаванняў, машын і абсталявання. Выклікаецца наяўнасцю ў масіве горнай пароды тэктанічных напружанняў, якія пераўзыходзяць па сваёй велічыні гравітацыйныя. Горныя ўдары звычайна адбываюцца пры глыбіні распрацоўкі больш за 200 м. Барацьбу з імі вядуць шляхам паніжэння горнага ціску на вугальны пласт, руднае цела (апераджальная адпрацоўка бяспечных суседніх пластоў, рыхленне ўзрывамі, напампоўванне вады ў пласт).

т. 5, с. 365

ГО́РНЫ ХРЫБЕ́Т,

лінейна выцягнутая горная форма рэльефу са схіламі, павернутымі ў процілеглыя бакі. Характэрна значная даўжыня і добра выражаная вось, пераважна ў выглядзе лініі водападзелу, уздоўж якой знаходзяцца найб. значныя вяршыні (гл. Горны грэбень). Вось хрыбта, у залежнасці ад асаблівасці развіцця і літалагічнага складу горных парод можа мець вастраверхую, купалападобную ці плоскавяршынную форму. Ад суседніх хрыбтоў аддзяляецца горнымі далінамі, унутрыгорнымі катлавінамі. Тэрмін «хрыбет» можа ўваходзіць у назву вял. горнай краіны, якая мае некалькі асобных хрыбтоў (напр., Верхаянскі хр., хр. Чэрскага ва Усх. Сібіры, Аляскінскі хрыбет у Паўн. Амерыцы).

т. 5, с. 365

ГО́РНЫ ЦІСК,

збіральнае паняцце ў горнай геамеханіцы, якое аб’ядноўвае сукупнасць сілавых палёў, што фарміруюцца ў нетрах Зямлі як вынік натуральных і вытв. уздзеянняў. Гал. ўзбуджальнік горнага ціску — гравітацыя; у меншай ступені фарміруецца за кошт тэктанічных сіл і змены т-ры верхніх слаёў зямной кары, а таксама вытв. дзейнасці па здабычы карысных выкапняў, буд-ва падземных і наземных збудаванняў. Выклікае дэфармаванне масіву горных парод, вядзе да горных удараў і раптоўных выкідаў.

т. 5, с. 365

ГО́РСЕЙ,

Хорсі (Horsey) Джэрам (? — пасля 1626), англійскі падарожнік. З 1573 агент англ. гандлёвай Маскоўскай кампаніі. У 1581—91 выконваў важныя дыпламат. даручэнні англ. і рас. ўрадаў. Пасля вяртання на радзіму ў 1622 арыштаваны за апазіцыйныя выступленні супраць урада караля Якава І. Аўтар некалькіх прац пра Расію часоў Івана IV Грознага і Фёдара Іванавіча. Пры апісанні сваіх падарожжаў праз Літву і Беларусь змясціў звесткі пра сустрэчу з кн. Радзівіламі, заняцце Іванам IV Полацка ў 1563 і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Записки о России, XVI — начало XVII в. М., 1990.

А.П.Грыцкевіч.

т. 5, с. 366

ГО́РСКІ Аляксандр Аляксеевіч

(18.8.1871, С.-Пецярбург — 20.10.1924),

рускі балетмайстар, артыст, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1915). Пасля заканчэння Пецярбургскага тэатр. вучылішча (педагогі П.Карсавін і М.Петыпа) у 1889—1900 у Марыінскім т-ры, з 1896 выкладаў у Пецярбургскім і Маскоўскім тэатр. вучылішчах. Выконваў класічныя і гратэскавыя партыі: Дэзірэ («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Сатыр, Арлекін («Поры года», «Выпрабаванне Даміса» А.Глазунова) і інш. У 1902—24 балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Рэфарматар балетнага т-ра, у спектаклях імкнуўся пераадолець умоўнасці акад. балета 19 ст., дамагаўся гіст. праўды, стылявога адзінства: «Дачка Гудулы» А.Сімона (1902), «Саламбо» А.Арэндса (1910), «5-я сімфонія» на муз. Глазунова (1916) і інш. Сярод вучняў: Т.Карсавіна, А.Месерэр, М.Габовіч.

Літ.:

Бахрушин Ю. А.А.Горский. М.; Л., 1946;

Суриц Е.Я. Хореографическое искусство двадцатых годов. М., 1979.

т. 5, с. 366

ГО́РСКІ Геральд Міхайлавіч

(н. 17.7.1935, г. Бабруйск),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі паперы. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1958). З 1964 у Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваў тэарэт. асновы і тэхналогію вытв-сці паперы і кардону з полівінілспіртавымі валокнамі для эл.-тэхн., аўтатрактарнай і паліграфічнай прам-сці.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 5, с. 366

ГО́РСКІ Канстанцін Канстанцінавіч

(13.6.1859, г. Ліда Гродзенскай вобл. — 31.5.1924),

скрыпач, кампазітар, педагог. Ігры на скрыпцы вучыўся ў А.Концкага ў Варшаве. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1881, клас Л.Аўэра), па кампазіцыі займаўся ў М.Рымскага-Корсакава. Выкладаў у муз. вучылішчах Саратава, Харкава, Тбілісі і інш. Канцэртаваў (у 1893 выканаў у Харкаве канцэрт для скрыпкі з аркестрам П.Чайкоўскага пад кіраўніцтвам аўтара). З 1919 у Польшчы, канцэртмайстар аркестра опернага т-ра ў Познані. Аўтар оперы «Маргер» (паводле У.Сыракомлі, клавір выд. 1905, паст. 1927), сімф. паэмы, п’ес для скрыпкі і фп., арганнай фантазіі, песень, духоўнай музыкі і інш.

Літ.:

Wrocki E. Konstanty Gorski: Życie i działalność. 1859—1924. Warszawa, 1924.

т. 5, с. 366