ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ХІМІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1962 як з-д дахавых матэрыялаў. З 1968 з-д хім. вырабаў. З 1992 Гомельскае калектыўнае вытв.-камерц. прадпрыемства «Завод хімічных вырабаў». Асн. Прадукцыя (1997): гумавыя галёшы, швейныя, пухова-пер’евыя вырабы (коўдры, падушкі, матрацы), штучная скура і плёнка, цырата, пенаплен, масціка будаўнічая і антыкаразійная, шлангі паліўныя і інш.
т. 5, с. 345
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ГІДРАПРЫВО́Д».
Засн. ў 1961 на базе цэха завода «Гомсельмаш». У 1975 на яго аснове створана Гомельскае ВА «Гідрааўтаматыка» ў складзе галаўнога прадпрыемства «Гідрапрывод», Хойніцкага і Нараўлянскага з-даў гідраапаратуры і канструктарска-тэхнал. бюро з доследна-эксперым. вытв-сцю. Асн. Прадукцыя (1996): станочная гідраўліка (у т. л. вузлы для трактароў МТЗ), тавары нар. ўжытку і інш. Прадукцыя пастаўляецца на 300 прадпрыемстваў краін СНД і ў далёкае замежжа.
т. 5, с. 345
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «СТРОМАЎТАЛІ́НІЯ»,
Гомельскі завод па вырабе абсталявання ў аўтаматычную лінію для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Засн. ў 1895 як рамонтна-мех. майстэрні «Рухавік» па рамонце лесапільных, маслабойных з-даў і млыноў. У 1920-я г. наз. «Рухавік рэвалюцыі», выпускаў с.-г. машыны. З 1930 спецыялізаваўся на рамонтных работах і вытв-сці запчастак для трактароў. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ў г. Аткарск Саратаўскай вобл. Пасля аднаўлення ў Гомелі (1943—44) выпускаў тарфяныя машыны. З 1966 Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання («Тарфмаш»). З 1983 сучасная назва. Асн. Прадукцыя (1997): абсталяванне і запчасткі для прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў. Пастаўляе прадукцыю ў краіны СНД, супрацоўнічае з Фінляндыяй, Германіяй, Францыяй, Італіяй, Кубай, Сірыяй.
т. 5, с. 345
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭЛЕКТРААПАРАТУ́РА».
Пачаў сваю дзейнасць ў 1946 з завода прамысл. кааперацыі «Штамп» па выпуску гасп. посуду і электрапрыбораў. З 1956 — з-д металабытавых вырабаў. З 1958 — сучасная назва. Асн. прадукцыя: нізкавольтная апаратура (пускальнікі электрамагнітныя, прылады ахоўнага адключэння, кантактары, цеплавыя рэле) і быт. тэхніка (разеткі, выключальнікі, падаўжальнікі, электрапрасы, электрапліткі; смажыльныя шафы, электраміксеры, электрабігудзі і інш.).
т. 5, с. 345
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭМАЛЬПО́СУД».
Створаны ў 1925 на аснове прамысл. бляшанай арцелі «Молат». З 1956 наз. «Металазавод», з 1963 — «Сантэхабсталяванне», з 1977 — «Эмальпосуд». Асн. прадукцыя: сантэхн. чыгунныя эмаліраваныя вырабы, стальны эмаліраваны посуд, інш. тавары нар. ўжытку і вытв.-тэхн. прызначэння.
т. 5, с. 345
ГО́МЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк). Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі (1535, 1575, 1581, 1633, 1648, 1649). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у жн. 1654 быў узяты рус. войскам. Паводле звестак за 1666, ён яшчэ захоўваў сваю магутнасць. У 1737 кн. М.Чартарыйскі пабудаваў новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, які існаваў яшчэ ў апошняй чвэрці 18 ст. Пасля далучэння Гомеля да Рас. імперыі вежы і сцены замка разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле плана Б.Растрэлі тут пачалося буд-ва існуючага і цяпер мураванага Гомельскага палаца.
т. 5, с. 345
ГО́МЕЛЬСКІ КААПЕРАТЫ́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т.
Засн. ў 1980 на базе Гомельскага філіяла (у 1976—79; у 1968—75 Гомельскі ф-т) Маскоўскага каап. ін-та. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: камерцыйны, улікова-фінансавы, эканомікі і кіравання, завочны, павышэння кваліфікацыі, даінстытуцкай падрыхтоўкі, спец. ф-т (дае эканам. адукацыю). Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1995. Мае рэдакцыйна-выдавецкі аддзел.
т. 5, с. 346
ГО́МЕЛЬСКІ КА́БЕЛЬНЫ ЗАВО́Д,
«Гомелькабель». Створаны ў 1958 на базе Гомельскага з-да «Металапракат». Выпускаў неізаляваныя і эмальправады. З 1996 адкрытае акц. т-ва «Гомелькабель». Мае цэх абмотачных правадоў і 3 участкі (неізаляваных правадоў, перамоткі рухавікоў, тавараў нар. ўжытку). Асн. прадукцыя (1997): правады розных марак і метал. саставу для паветр. ліній электраперадач, правады медныя са шкловалакністай ізаляцыяй, дрот алюмініевы і медны, шнуры тэлефонныя і накрыўкі пластмасавыя, шклянкі і куфлі мерныя, падаўжальнікі электрычныя і тэлефонныя і інш. Асн. сыравіна паступае з краін далёкага замежжа і Расіі.
т. 5, с. 346
ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ,
Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна, стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.
т. 5, с. 346
ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,
крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.Максімовіч, арх. В.Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.
С.Дз.Філімонаў.
т. 5, с. 346