Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНІЦЫЯТЫ́ВА (франц. initiative ад лац. initium пачатак),

пачын, першы крок у якой-н. справе, абумоўлены ўнутраным падахвочваннем да новых форм дзейнасці; вядучая роля ў якіх-н. дзеяннях; здольнасць да самаст. актыўных дзеянняў, прадпрымальнасць.

т. 7, с. 259

ІНІЦЫЯ́ЦЫІ (ад лац. initiatio выкананне таінства, пасвячэнне),

пасвячальныя абрады ў родавым грамадстве, звязаныя з пераводам моладзі ва ўзроставы клас дарослых мужчын і жанчын. Вядомы з глыбокай старажытнасці, мелі на мэце падрыхтоўку юнакоў і дзяўчат да вытв., грамадскага і сямейнага жыцця. Звычайна суправаджаліся трэніроўкамі, рознымі выпрабаваннямі, часам нанясеннем цялесных пашкоджанняў. Некат. з абрадаў І., якія страцілі першапачатковае значэнне, учыняліся над асобамі больш маладога ўзросту, напр., абразанне ў дзяцей у рэліг. рытуале іудаізму і ісламу. Да І. належаць хрышчэнне ў хрысціян, ускладанне свяшчэннага шнура ў індуістаў. і інш.

т. 7, с. 259

І́НКА,

індзейскае племя, якое ў сярэднія вякі насяляла тэр. сучаснай дзяржавы Перу і стварыла адметную цывілізацыю і культуру. Гл. Інкі.

т. 7, с. 259

ІНКАНЕ́ЛЬ,

сплаў нікелю (аснова), хрому (да 15%) і жалеза (да 9%) з дабаўкамі алюмінію, тытану, малібдэну. Гарачаўстойлівы і гарачатрывалы матэрыял (т-ра эксплуатацыі да 900 °C). Выкарыстоўваюць у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.

т. 7, с. 259

ІНКАРВІ́ЛЕЯ (Incarvillea),

род кветкавых раслін сям. бігноніевых. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. і Цэнтр. Азіі. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 2 віды і 1 форма: І. Дэлавэя (I. delavayi), І. шчыльная (I. compacta), І. буйнакветкавая (I. grandiflora).

Адна- і шматгадовыя травяністыя або паўкустовыя расліны з прамастойнымі простымі або галінастымі сцёбламі. Лісце перыста-рассечанае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі буйныя трубчастыя з 5-лопасцевым адгінам у канцавых гронках або мяцёлках. Цвіце ў чэрвені. Плод — каробачка.

Інкарвілея Дэлавэя.

т. 7, с. 259

ІНКАРПАРАВА́НЫЯ МО́ВЫ, полісінтэтычныя мовы,

структурны тып моў, якія складаюцца са славесных комплексаў або слоў-сказаў, пабудаваных паводле прынцыпу інкарпарацыі. Да іх належыць шэраг палеаазіяцкіх моў (карацкая, ніўхская, чукоцкая і інш.), мовы паўн.-амер. індзейцаў (дакота, пают, хупа і інш). У асобную тыпалагічную групу І.м. вылучыў у 19 ст. В.​Гумбальт. Вылучэнне іх у адметны тып моў не з’яўляецца агульнапрынятым у сучаснай лінгвістыцы, бо пэўнымі структурнымі прыкметамі яны аб’ядноўваюцца з аглюцінатыўнымі мовамі.

Літ.:

Гумбольдт В. Избр. труды по языкознанию. Пер. с нем. М., 1984.

т. 7, с. 259

ІНКАРПАРА́ЦЫЯ (ад позналац. incorporatio далучэнне),

1) уключэнне ў свой склад, далучэнне.

2) Прадастаўленне ў адпаведнасці з законам групе асоб статуса юрыд. асобы, карпарацыі.

3) Сістэматызаванне законаў дзяржавы, размяшчэнне іх у вызначаным парадку (храналагічным, алфавітным, па галінах права) без змены зместу законаў.

4) У мовазнаўстве — спосаб сувязі значымых і службовых кампанентаў у адзінае моўнае цэлае, якое знешняй формай нагадвае складанае слова, а зместам — словазлучэнне ці сказ; характэрная рыса інкарпараваных моў. У такіх словах-сказах колькасць кампанентаў абумоўлена зместам выказвання, а парадак размяшчэння кампанентаў выражае ўстойлівыя сінтакс. адносіны паміж імі. Напр., у славесным комплексе мовы хупа (абарыгены Паўн. Амерыкі) te-se-e-ya-te — «Я пайду» цэнтр. лексічны кампанент ya абазначае «ісці», пач. кампанент te мае грамат. значэнне (паказвае. што дзеянне разгортваецца ў пэўнай прасторы), e — займеннік «я», элемент se паказвае, што дзеянне развіваецца, канчатак te выражае будучы час. Значымыя члены такіх славесных комплексаў выконваюць адначасова функцыі слоў і членаў сказа.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 7, с. 260

ІНКА́СА (італьян. incasso),

від банкаўскай аперацыі паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі (пакупнікамі) з акцэптнай формай разлікаў, калі аплата за фактычна адпушчаныя або адгружаныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы (паслугі) робіцца пры згодзе пакупніка (заказчыка) па дакументах пастаўшчыка (падрадчыка). Пастаўшчык, які адгрузіў прадукцыю або аказаў паслугу, выпісвае на рахунак пакупніка (таваратранспартную накладную і г.д.), плацежнае патрабаванне і здае ў банк, які яго абслугоўвае, на І. Калі настае тэрмін аплаты, пазначаная ў плацежным патрабаванні сума спісваецца з разліковага рахунка пакупніка на рахунак пастаўшчыка.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 260

ІНКА́ТА, Партыя свабоды Інката,

палітычная партыя ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Створана ў 1975 як грамадска-культ. арг-цыя зулусаў. Да 1990 наз. Рух Інката (Inkhata inkululeko ye sizwe — Рух культурнага вызвалення нацыі). Змагалася з апартэідам, пасля яго скасавання — гал. паліт. канкурэнт Афрыканскага нацыянальнага кангрэса. На выбарах 1994 І. заваявала 10,5% галасоў выбаршчыкаў.

т. 7, с. 260

І́НКА ГАРСІЛА́СА ДЭ ЛА ВЕ́ГА (Inca Garcilaso de la Vega; 12.2.1539, г. Куска, Перу — 24.4.1616),

перуанскі гісторык, паэт, перакладчык. Сын ісп. канкістадора, губернатара г. Куска, маці з вышэйшай інкскай знаці. У 1560—70 на ваен. службе ў Іспаніі, пазней заняўся літ. дзейнасцю. У 1605 выдаў працу «Фларыда» аб спробе заваявання іспанцамі п-ва Фларыда, у 1609 — «Гісторыю дзяржавы Інкаў», у 1617 выйшла «Усеагульная гісторыя Перу» пра заваяванне краіны іспанцамі. У сваіх творах спачувальна ставіўся да індзейцаў, якія сталі ахвярамі ісп. заваёўнікаў, ідэалізаваў інкскае грамадства.

Тв.:

Рус. пер. — История государства инков. Л., 1974;

у кн.: Поэзия испанского возрождения. М., 1990.

І.​Я.​Афнагель.

т. 7, с. 259