РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял. Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.Р.Ушакоў) і 60-я (палк. А.В.Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.
А.А.Каваленя.
т. 13, с. 426
РУДАВЕ́Ц,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у. бас. р. Дружнянка (выцякае з возера), за 16 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 0,28 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 5—9 м (на З і У 3—4 м), пераважна разараныя, на З і У пад лесам. Берагі сплавінныя. Пойма шыр. 100—150 м, пераўвільготненая, парослая хмызняком. Дно сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 3 ручаі.
т. 13, с. 426
РУДАВО́З,
грузавое судна для перавозкі навалам руд і рудных канцэнтратаў. Мае грузавыя люкі вял. памераў і звычайна высокае двайное дно. Загружаецца і разгружаецца берагавымі кранамі з дапамогай грэйфераў.
т. 13, с. 426
РУДА́К (Аркадзь Дзянісавіч) (25.12.1911, в. Валосавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 14.11.1997),
адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч БССР, ген.-маёр (1966). Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1939 1-ы сакратар Гомельскага абкома ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну 1-ы сакратар Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ, чл. Гомельскага абкома КП(б)Б і штаба Гомельскага Партыз. злучэння. Пасля вайны ў Гомельскім абкоме, з 1957 1-ы сакратар Мінскага абкома КПБ, кіраўнік спраў СМ БССР, у 1960—71 1-ы нам. старшыні КДБ. Чл. ЦК КПБ у 1954—61. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—71. Аўтар мемуараў «Экзамен на сталасць» (1981).
т. 13, с. 426
РУДА́К (Эдуард Аркадзевіч) (н. 18.3.1936, г. Віцебск),
бел. фізік. Д-р. фіз.-матэм. н. (1986). Сын А.Дз.Рудака. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1972 заг. лабараторыі). Навук. працы па ядз. спектраскапіі, вывучэнні структуры атамных ядраў і ядз. рэакцый пры нізкіх і сярэдніх энергіях, радыеэкалогіі, у т. л. па праблемах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Прапанаваў квантавамех. трактоўку механізму працякання ядз. рэакцый з утварэннем састаўнога ядра.
Тв.:
Спектры γ-лучей из реакции (n,γ) на изотопах 50Cr, 52Cr и 53Cr (разам з Я.І.Фірсавым) // Ядерная физика. 1965. Т. 1, вып. 2;
Экспрессный метод оценки массы и активности нуклидов в активной зоне РБМК (разам з П.А.М.Напалеау) // Атомная энергия. 1998. Т. 85, вып. 3.
т. 13, с. 426
РУДАКІ́ (Абу Абдалах) (Абуль Хасан) Джафар (каля 860, Панджуруд, Таджыкістан — 941),
таджыкскі і персідскі паэт; заснавальнік паэзіі на мове фарсі. Паводле падання, быў аслеплены. Атрымаў схаласт. адукацыю, ведаў араб. мову. Праславіўся як спявак і музыкант-рапсод, магчыма, і як аўтар. Больш за 40 гадоў узначальваў плеяду паэтаў пры двары правіцеляў Бухары. Перад смерцю зазнаў ганенне, памёр у галечы. Дайшло каля тысячы яго двухрадкоўяў, цалкам — касыда «Маці віна» (933), аўтабіягр. «Ода на старасць» і каля 40 чатырохрадкоўяў (рубаі). Аўтар панегірыкаў, лірычных і дыдактычных твораў, паэм, у т. л. «Каліла і Дымна» (932, пер. з араб., збераглася ў фрагментах). У яго творах апяваецца радасць быцця, дружба, высакародства, каханне, хараство прыроды. Створаны ім стыль пераважаў у фарсімоўнай паэзіі да 11 ст. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў С.Грахоўскі.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1964;
Лирика. М., 1969;
У кн.: Звезды поэзии. Душанбе, 1974.
Літ.:
Мирзоев А.М. Рудаки: Жизнь и творчество: Пер. с тадж. М., 1968;
Тальман Р.О., Юнусов А. Рудаки: (Указ. лит.). Душанбе, 1965.
т. 13, с. 426
РУДАКО́ВА,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 28,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы на У і Пн выш. 18—20 м (на Пн і З да 8 м), параслі хмызняком, на Пн часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, месцамі нізкія. Пойма шыр. да 100 м, участкамі забалочаная. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Уваходзіць у заказнік Рудакова.
т. 13, с. 426
РУДАКО́ВА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 для захавання ў натуральным стане унікальнага балотна-ляснога ландшафтнага комплексу поўдня Бел. Паазер’я з папуляцыямі гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 369 га. Рэльеф узгорысты. Лясы займаюць 82,5% тэр.: бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, арляковыя з дамешкамі хвоі, дубу, клёну, ліпы, ясеню; хвойнікі імшыстыя; чорнаалешнікі; кустоўе з ляшчыны, крушыны, ядлоўцу, каліны, чаромхі, брызгліны бародаўчатай, мяккай і лямцавай, барбарысу звычайнага, цёрну крывава-чырвонага, вярбы попельнай і чарнеючай. На сухадольных і вільготных лугах віды, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі: асака воласападобная і птушканожкавая, ятрышнік дрэмлік, гарычка крыжападобная, касач сібірскі, пярэсна еўрапейская, пустапялёснік зялёны, ядрушка даўгарогая, пальчатакарэннік балтыйскі, тайнік яйцападобны; у хвойніках — купальнік горны, гайнік цёмна-чырвоны і інш.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 427
РУДАКО́Ў (Анатоль Абрамавіч) (31.3.1921, г. Растоў-на-Доне, Расія — 10.4.1990),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў студыю т-ра імя М.Горкага ў Растове-на-Доне (1940). Працаваў у т-рах Расіі. З 1955 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выконваў гераічныя і характарныя ролі. Сярод работ: Кусонскі, Стрыжэўскі («Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.Губарэвіча), «Камандзір браняпоезда» («Дні нашага нараджэння» І.Мележа), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Баян («Клоп» У.Маякоўскага), Судакоў («Гняздо глушца» В.Розава), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Вурм, Лейстэр («Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф Шылера), доктар Ранк («Нора» Г.Ібсена). Зняўся ў тэлефільме «Атланты і карыятыды».
Г.Р.Герштэйн.
т. 13, с. 427
РУДАКО́Ў РОЎ,
класічная эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны паміж вёскамі Садовая і Смётанка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Даўж. 1,5 км, шыр. да 200 м, глыб. 20—30 м, пл. 0,8 км². Утварылася ў выніку размыву марэннай раўніны р. Лапта за 14 тыс. гадоў. У сценках агаляюцца азёрныя адклады (магутнасць да 2,4 м) александрыйскага міжледавікоўя, якія маюць у сабе эталонны комплекс рэшткаў рэліктавых раслін (57 відаў) таго часу.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 427