РУДАКО́ВА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 для захавання ў натуральным стане унікальнага балотна-ляснога ландшафтнага комплексу поўдня Бел. Паазер’я з папуляцыямі гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 369 га. Рэльеф узгорысты. Лясы займаюць 82,5% тэр.: бярэзнікі чарнічныя, кіслічныя, арляковыя з дамешкамі хвоі, дубу, клёну, ліпы, ясеню; хвойнікі імшыстыя; чорнаалешнікі; кустоўе з ляшчыны, крушыны, ядлоўцу, каліны, чаромхі, брызгліны бародаўчатай, мяккай і лямцавай, барбарысу звычайнага, цёрну крывава-чырвонага, вярбы попельнай і чарнеючай. На сухадольных і вільготных лугах віды, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі: асака воласападобная і птушканожкавая, ятрышнік дрэмлік, гарычка крыжападобная, касач сібірскі, пярэсна еўрапейская, пустапялёснік зялёны, ядрушка даўгарогая, пальчатакарэннік балтыйскі, тайнік яйцападобны; у хвойніках — купальнік горны, гайнік цёмна-чырвоны і інш.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)