РУДАКІ́ (Абу Абдалах) (Абуль Хасан) Джафар (каля 860, Панджуруд, Таджыкістан — 941),

таджыкскі і персідскі паэт; заснавальнік паэзіі на мове фарсі. Паводле падання, быў аслеплены. Атрымаў схаласт. адукацыю, ведаў араб. мову. Праславіўся як спявак і музыкант-рапсод, магчыма, і як аўтар. Больш за 40 гадоў узначальваў плеяду паэтаў пры двары правіцеляў Бухары. Перад смерцю зазнаў ганенне, памёр у галечы. Дайшло каля тысячы яго двухрадкоўяў, цалкам — касыда «Маці віна» (933), аўтабіягр. «Ода на старасць» і каля 40 чатырохрадкоўяў (рубаі). Аўтар панегірыкаў, лірычных і дыдактычных твораў, паэм, у т. л. «Каліла і Дымна» (932, пер. з араб., збераглася ў фрагментах). У яго творах апяваецца радасць быцця, дружба, высакародства, каханне, хараство прыроды. Створаны ім стыль пераважаў у фарсімоўнай паэзіі да 11 ст. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1964;

Лирика. М., 1969;

У кн.: Звезды поэзии. Душанбе, 1974.

Літ.:

Мирзоев А.М. Рудаки: Жизнь и творчество: Пер. с тадж. М., 1968;

Тальман Р.О., Юнусов А. Рудаки: (Указ. лит.). Душанбе, 1965.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)