Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАМБО́ ((Rambaud) Альфрэд) (2.7.1842, г. Безансон, Францыя — 10.11.1905),

французскі гісторык, дзярж. дзеяч. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1897), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1864). З 1881 праф. Сарбоны. У 1895—1903 сенатар, у 1896—98 міністр нар. адукацыі. Даследаваў паліт. гісторыю (у асн. Візантыі, Расіі, Германіі) і гісторыю міжнар. адносін. Прыхільнік франка-рус. збліжэння і актывізацыі Францыі ў сферы каланіяльнай палітыкі. Рэдактар (разам з Э.​Лавісам) шматтомнай калект. працы «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901).

т. 13, с. 300

РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),

1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.

2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).

т. 13, с. 300

РАМБУЛЬЕ́,

група парод танкарунных авечак мяса-воўнавага кірунку. Упершыню выведзены ў Францыі ў 19 ст. ў мясцовасці Рамбуе каля Парыжа, дзе знаходзіўся дзярж. завод лепшых авечак гэтай пароды. У 1925 завезены ў СССР, выкарыстоўваліся для паляпшэння некат. мясц. і вывядзення новых мерыносавых парод — асканійскай пароды, савецкага мерыноса, сальскай пароды, стаўрапольскай пароды, і інш.

Жывёлы буйныя, добрага целаскладу, скараспелыя, з высокай воўнавай прадукцыйнасцю. Маса бараноў 80—90, авечак 50—60 кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 6—7 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10, з матак — 5—7 кг.

т. 13, с. 300

РАМБУ́РС (ад франц. rembourser вяртаць затраты) у міжнародным гандлі, аплата купленага тавару пры дапамозе банка; аплата запазычанасці праз трэцюю асобу.

т. 13, с. 300

РАМЕ́ЛЬ,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 43 км на ПнУ ад г. Столін, 288 км ад Брэста, 50 км ад чыг. ст. Гарынь. 1179 ж., 404 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Міхайлаўская царква (1762). Каля вёскі могільнік зарубінецкай культуры.

т. 13, с. 300

РАМЕ́ННАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для перадачы вярчальнага руху паміж валамі пры дапамозе прываднога рэменя. Ахоплівае вядучы шкіў (звычайна на вале рухавіка) і вядзёны (на вале рабочага органа). Вызначаецца здольнасцю да перагрузак, плаўнасцю ходу, бясшумнасцю, дазваляе перадаваць вярчэнне на адлегласць да некалькіх дзесяткаў метраў, магутнасць да 30—50 кВт, аднак мае невялікі ккдз, нераўнамернасць вярчэння (з-за праслізгвання), грувасткасць. Выкарыстоўваецца ў прыводах с.-г. машын, станкоў, тэкст. машын і інш.

Раменныя перадачы: 1 — прынцыповая схема; 2—6 — віды перадач паводле формы папярочнага сячэння (плоска-, кліна-, круглараменная, поліклінавая, зубчастая); 7—10 — тыпы паводле канструкцыі (перакрыжаваная, паўперакрыжаваная, з некалькімі вядзёнымі шківамі, з нацяжным ролікам).

т. 13, с. 301

РАМЕ́НСКАЯ ПАРО́ДА гусей.

Выведзена на Украіне каля г. Рамны Сумскай вобл. адборам мясц. гусей. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні буйных шэрых гусей.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, тулава і грудзі шырокія. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая. тоўстая. Ногі кароткія. Апярэнне часцей шэрае, бывае белае, рабое. Дзюба і ногі аранжава-чырвоныя. Маса гусакоў 6—6,5, гусак 4,5—5 кг. Яйцаноскасць 20—30 яец за год, маса яйца да 150 г.

М.​Ц.​Гарачка.

Раменская парода гусей.

т. 13, с. 301

РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс. н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.

А.​А.​Макушнікаў.

т. 13, с. 301

РА́МЕНЬ,

тып яловых лясоў на гліністых ці сугліністых, добра дрэнажаваных глебах, якія фарміруюцца ва ўмовах халоднага ці ўмерана халоднага кантынент. клімату. Характэрны высокая прадукцыйнасць і добрая якасць драўніны; ёсць невял. прымесі хвоі, асіны, бярозы. Ельнік са значным удзелам драбналістых парод — падрамень, з удзелам шыракалістых парод — сурамень. У шырокім сэнсе да Р. адносяцца таксама насаджэнні з піхты і хвоі кедравай.

М.​В.​Ярмохін.

т. 13, с. 301

РАМЕ́СНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

прафесійна-тэхнічныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых. Існавалі ў 1940—59. Створаны замест школ фабрычна-заводскага вучнёўства адначасова са школамі фабрычна-заводскага навучання. Рыхтавалі металургаў, гарнякоў, нафтавікоў, работнікаў марскога і рачнога транспарту, прадпрыемстваў сувязі і інш. Прымаліся асобы ва ўзросце 14—15 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, пераважна гарадская моладзь. Тэрмін навучання 2 гады. Падлеткі знаходзіліся на дзярж. забеспячэнні. З 1943 дзейнічалі спец. Р.в. з 4-гадовым тэрмінам навучання для сірот, дзяцей воінаў, якія загінулі на фронце, і партызан. На Беларусі ў 1940 было 15 Р.в. Пераўтвораны ў прафес.-тэхн. вучылішчы.

т. 13, с. 301