Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ПРАГНО́З»,

серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння сонечнай актыўнасці, яе ўплыву на магнітасферу Зямлі і міжпланетнае асяроддзе. Маса 850—900 кг. У 1972—85 запушчаны 10 «П.». «П.-9» выкарыстоўваўся таксама для даследавання рэліктавага выпрамянення. «П.-10» запушчаны ў рамках праграмы «Інтэркосмас».

т. 12, с. 533

ПРАГНО́З НАДВО́Р’Я,

навукова абгрунтаванае прадбачанне і разлік будучага стану надвор ’я. Складаюцца на падставе аналізу развіцця буйнамаштабных атм. працэсаў. Адрозніваюць П.н. кароткатэрміновыя (ад некалькіх гадзін да 1—2 сут), доўгатэрміновыя малой заўчаснасці (3—10 сут) і доўгатэрміновыя вял. заўчаснасці (на месяц, сезон). П.н. папярэднічае назіранне (пры дапамозе метэаралагічных станцый, радыёзондаў, радыёлакатараў, метэаралагічных ракет, ШСЗ і інш.), збор і аналіз стану надвор’я. Падставай для распрацоўкі кароткатэрміновых прагнозаў з’яўляецца аналіз сінаптычных карт або выкарыстанне лічбавых метадаў П.н., якія дазваляюць рашаць ураўненні атм. гідрадынамікі і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ. Аналіз гэтых матэрыялаў дае магчымасць выявіць раёны развіцця цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас рознага паходжання, франтоў атмасферных, вызначыць іх эвалюцыю, напрамак і хуткасць перамяшчэння, тэрмадынамічныя ўласцівасці паветраных мас і іх магчымыя змены. У доўгатэрміновых П.н. выкарыстоўваюць розныя стат. сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атм. працэсаў і станам надвор’я. П.н. складаецца па пункце (горад, аэрадром), маршруце (авіяц. траса, марскі шлях) і тэрыторыі (краіна, вобласць, раён). П.н. бываюць агульнага карыстання (для насельніцтва) і спецыялізаваныя (авіяц., аграметэаралагічныя, марскія і інш.). У агульных даюцца звесткі пра прагназіруемыя метэаралагічныя элементы (т-ра, вецер, воблачнасць, ападкі) і небяспечныя з’явы надвор’я (бура, град, галалёд, шквалы і інш.). Спецыялізаваныя прызначаны для розных галін гаспадаркі і складаюцца ў адпаведнасці з іх патрабаваннямі. З П.н. цесна звязаны гідралагічны прагноз. На Беларусі рэгулярнае складанне П.н. на суткі вядзецца з 1931, на 3—6 сут — з 1946, спецыялізаваных — з 1948. П.н. для краіны, абласцей, Мінска і абл. цэнтраў складае аддзел метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра.

т. 12, с. 533

ПРАГРА́МА (грэч. programma аб’ява, распараджэнне),

1) план прадстаячай дзейнасці, работ, мерапрыемстваў.

2) Дакумент, у якім выкладзены асн. задачы і мэты дзейнасці паліт. партыі, арг-цыі, асобнага дзеяча.

3) План правядзення свята, канцэрта, сходу, а таксама пералік нумароў, якія выконваюцца.

4) Кароткі змест курса пэўнага прадмета, які вывучаецца ў навуч. установе.

т. 12, с. 533

ПРАГРА́МА ў інфарматыцы,

дакладнае апісанне на фармальнай мове паслядоўнасці дзеянняў аўтаматычнай прылады (часцей ЭВМ); рэалізуе распрацаваны алгарытм.

П. ЭВМ складаецца з сукупнасці каманд (інструкцый), якія выкарыстоўваюцца для кіравання яе работай. Каманды выконваюць арыфметыка-лагічныя аперацыі над данымі ці аналізуюць вынікі такіх аперацый. Аўтаматызм выканання дасягаецца тым, што за бягучай камандай (акрамя апошняй) абавязкова называецца чарговая або тая, якая вызначаецца камандай умоўнага ці безумоўнага пераходу. Выбар напрамку ў камандах галінавання залежыць ад выніку аперацый над данымі. Некат. каманды ці іх групы могуць выконвацца шматразова, таму працягласць работы П. залежыць ад уваходных даных (П. рэагуе на разнастайнасць даных і іх пераўтварэнні). Распрацоўка П. — адна з асноўных задач прыкладной матэматыкі.

С.​У.​Абламейка.

т. 12, с. 533

ПРАГРАМАВА́НАЕ НАВУЧА́ННЕ,

від навучання, які ажыццяўляецца паводле абучальнай праграмы. Пры П.н. вучэбны матэрыял і дзеянні навучэнца падзяляюцца адпаведна на асобныя порцыі (дозы) і крокі (этапы навучання), выкананне кожнага з якіх кантралюецца. Пераход да наступнага этапу залежыць ад якасці засваення папярэдняга. Сродкамі рэалізацыі П.н. служаць праграмаваныя падручнікі (акрамя вучэбнага матэрыялу маюць указанні і рэкамендацыі па навучанні і праверцы ступені засваення матэрыялу) і абучальныя машыны.

т. 12, с. 533

ПРАГРАМАВА́ННЕ,

працэс стварэння праграмы ў адпаведнасці з алгарытмам рашэння задачы на ЭВМ; раздзел інфарматыкі, што вывучае тэорыю і распрацоўвае метады пабудовы, наладкі праграм. Адрозніваюць: тэарэтычнае П. — вывучае матэм. абстракцыі праграм, правілы дакладнай фармулёўкі ўмоў задач і алгарытмаў; сістэмнае П. — займаецца праектаваннем, пабудовай і рэалізацыяй сістэм праграмнага забеспячэння для масавага і працяглага выкарыстання; прыкладное П. — абслугоўвае канкрэтныя выпадкі выкарыстання ЭВМ у розных галінах навукі і тэхнікі. Тэарэт. аспекты П. вывучаюцца ў матэматычным праграмаванні.

Алгарытм рашэння задачы будуюць у выглядзе канчатковага набору каманд, для запісу якіх служаць спец. мовы сувязі чалавека з ЭВМмовы праграмавання. У П. ўдзельнічаюць сістэмныя аналітыкі (распрацоўка алгарытму, аналіз патрабаванняў) і праграмісты (кадзіраванне, тэстыраванне праграмы і яе выкарыстанне на ЭВМ) Пры П. ўлічваюць канкрэтнае праграмнае асяроддзе: тып ЭВМ, мова П., наяўнасць сродкаў распрацоўкі праграм (база даных, транслятар, рэдактар, наяўнасць бібліятэкі стандартных праграм і модуляў і інш.). Для праверкі дакладнасці выканання праграмы робіцца яе адладка (сістэм. выпрабаванні праграмы на ЭВМ).

Літ.:

Любимский Э.З., Мартынюк В.В., Трифонов Н.П. Программирование. М., 1980;

Мейер Б., Бодуэн К. Методы программирования: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1982;

Грис Д. Наука программирования: Пер. с англ. М., 1984.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 12, с. 533

ПРАГРА́МА ААН ПА НАВАКО́ЛЬНЫМ АСЯРО́ДДЗІ,

гл. Міжнародная праграма ААН па навакольным асяроддзі.

т. 12, с. 533

ПРАГРА́МА РАЗВІЦЦЯ́ ААН (ПРААН). Засн. ў 1965 для аказання дапамогі найменш развітым краінам свету ў справе эканам. развіцця. Кіруецца выканаўчым саветам з 36 чал. (7 ад Азіі, 4 ад Усх. Еўропы, 5 ад Лац. Амерыкі, 12 ад Зах. Еўропы і ЗША). Мае 4 рэгіянальныя бюро, якія знаходзяцца пры Сакратарыяце ААН. Супрацоўнічае з больш чым 150 краінамі у такіх сферах, як эканам. планіраванне, транспарт, сувязь, гандаль, ахова здароўя, адукацыя, занятасць. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца на безграшовай аснове, у форме накіравання ў пэўную краіну спецыялістаў, падрыхтоўкі і адукацыі мясц. кадраў, распрацоўкі планаў эканам. і тэхн. развіцця і г.д. З 1990 штогод ПРААН выдае Даклад пра чалавечае развіццё, які змяшчае звесткі пра т.зв. індэкс чалавечага развіцця. З 1990-х г. праводзіць. канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, на якіх абмяркоўваюцца асн. пытанні павелічэння дабрабыту людзей і захавання правоў чалавека. Беларусь супрацоўнічае з ПРААН у выкананні нац. праграмы па структурнай перабудове эканомікі і рацыянальным прыродакарыстанні.

т. 12, с. 533

ПРАГРА́МНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ ЭВМ,

сукупнасць праграм і праграмных дакументаў, неабходных для аўтаматызаванай наладкі праграм і рашэння прыкладных задач на ЭВМ. Забяспечвае рэалізацыю функцый ЭВМ і вылічальнай сістэмы. Кампаненты П.з. садзейнічаюць эфектыўнаму функцыянаванню тэхн. сродкаў і абслугоўваюць карыстальнікаў выліч. сістэм. Найважн. кампаненты П.з.: аперацыйная сістэма, пакеты прыкладных праграм, бібліятэкі стандартных праграм, комплексы праграм тэхн. абслугоўвання.

Адрозніваюць П.з. базавае (сістэмнае) і прыкладное. Базавае П.з. ўключае праграмы універсальнага карыстання (тэкставыя рэдактары, сродкі машыннай графікі, узаемадзеянне з камп’ютэрнымі сеткамі і WEB-дызайну (гл. Інтэрнет), праграмы апрацоўкі каманд карыстальніка] і праграмы аўтаматызацыі праграмавання (сістэмы аперацыйная, праграмавання і наладкі, кіравання базамі даных). З мэтай выкарыстання існуючага П.з. распрацоўваюцца праграмна-сумяшчальныя сем’і ЭВМ. Найб. пашыраныя і адпрацаваныя кампаненты базавага П.з. рэалізуюцца апаратна і ў выглядзе мікрапраграм. Прыкладное П.з. арыентавана на рашэнне канкрэтных задач: аўтаматызаванае праектаванне, распазнаванне вобразаў і апрацоўка відарысаў, кіраванне вытворчасцю, тэхнал. працэсамі.

На Беларусі П.з. распрацоўваецца з пачатку 1960-х г. на Мінскім заводзе ЭВМ, у НДІ ЭВМ, Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

С.​У.​Абламейка.

т. 12, с. 534

ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,

кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.

Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш. запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.

Літ.:

Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;

Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.

М.​А.​Ярмаш, М.​Л.​Савік.

т. 12, с. 534