ПРАГРАМАВА́ННЕ,

працэс стварэння праграмы ў адпаведнасці з алгарытмам рашэння задачы на ЭВМ; раздзел інфарматыкі, што вывучае тэорыю і распрацоўвае метады пабудовы, наладкі праграм. Адрозніваюць: тэарэтычнае П. — вывучае матэм. абстракцыі праграм, правілы дакладнай фармулёўкі ўмоў задач і алгарытмаў; сістэмнае П. — займаецца праектаваннем, пабудовай і рэалізацыяй сістэм праграмнага забеспячэння для масавага і працяглага выкарыстання; прыкладное П. — абслугоўвае канкрэтныя выпадкі выкарыстання ЭВМ у розных галінах навукі і тэхнікі. Тэарэт. аспекты П. вывучаюцца ў матэматычным праграмаванні.

Алгарытм рашэння задачы будуюць у выглядзе канчатковага набору каманд, для запісу якіх служаць спец. мовы сувязі чалавека з ЭВМмовы праграмавання. У П. ўдзельнічаюць сістэмныя аналітыкі (распрацоўка алгарытму, аналіз патрабаванняў) і праграмісты (кадзіраванне, тэстыраванне праграмы і яе выкарыстанне на ЭВМ) Пры П. ўлічваюць канкрэтнае праграмнае асяроддзе: тып ЭВМ, мова П., наяўнасць сродкаў распрацоўкі праграм (база даных, транслятар, рэдактар, наяўнасць бібліятэкі стандартных праграм і модуляў і інш.). Для праверкі дакладнасці выканання праграмы робіцца яе адладка (сістэм. выпрабаванні праграмы на ЭВМ).

Літ.:

Любимский Э.З., Мартынюк В.В., Трифонов Н.П. Программирование. М., 1980;

Мейер Б., Бодуэн К. Методы программирования: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1982;

Грис Д. Наука программирования: Пер. с англ. М., 1984.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)