Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЗЯНІ́САЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 5.5.1944, с. Борскае Куйбышаўскай вобл.. Расія),

акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). У 1967—90 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Напачатку выконваў ролі маладых герояў, потым — характарныя: Сын («Святая прастата» А.​Макаёнка), Ігар («Традыцыйны збор» В.​Розава), Менахэм-Мэндл («Памінальная малітва» Р.​Горына паводле твораў Шолам-Алейхема). У ролі мужнага, высакароднага старшыны Дугіна («Радавыя» А.​Дударава; Дзярж. прэмія СССР 1985) дасягнуў трагічнага гучання. Сярод інш. роляў: Мікола Гусоўскі («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Іван Кавалевіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З 1991 у ЗША.

т. 6, с. 141

ДЗЯНІ́САЎ (Міхаіл Іванавіч) (21.11.1900, в. Трасцянка Саратаўскай вобл., Расія — 11.1.1971),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1925—28), оперным класе Бел. муз. тэхнікума (1928—30), Бел. студыі оперы і балета (1930—33) у А.Баначыча. У 1933—58 (з перапынкам, у 1941—43 у Ерэванскім оперным т-ры) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1958—64 маст. кіраўнік Бел. філармоніі, у 1964—70 выкладчык Бел. кансерваторыі. Дэбютаваў партыяй Эскамільё ў оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ (1932). Валодаў моцным прыгожым голасам, сцэн. абаяльнасцю. Створаныя ім вобразы адметныя адухоўленасцю, маст. выразнасцю. тонкім густам, пачуццём меры. Лепшыя вобразы ў нац. рэпертуары: Змітрок і Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Кастусь («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Кузьміч («У пушчах Палесся» А.​Багатырова); у класічным — Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі. Мазепа («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Траякураў («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Мечнік («Страшны двор» С.​Манюшкі). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

Літ.:

Пукст Р. Натхнёны спявак // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

М.І.Дзянісаў.
М.Дзянісаў у ролях Дэмана (злева) і Гразнога.

т. 6, с. 141

ДЗЯНІ́САЎ (Павел Ферапонтавіч) (н. 26.8.1911, г. Шахты, Расія),

бел. музыкант, трубач. Засл. арт. Беларусі (1954). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1935—38). З 1938 у аркестры Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. У 1944—67 першы трубач і канцэртмайстар групы труб Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вёў клас трубы ў Бел. кансерваторыі (1944—69) і Мінскім муз. тэхнікуме (1944—65). Кіраўнік самадз. духавых аркестраў у Мінску (1970—75) і Маскве (1976).

т. 6, с. 142

ДЗЯНІ́САЎ (Эдзісон Васілевіч) (6.4.1929, г. Томск, Расія — 23.11.1996),

расійскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас кампазіцыі В.Шабаліна), з 1958 выкладаў у ёй (праф. з 1993). У творчасці дамагаўся сінтэзу сучасных сродкаў кампазіцыйнай тэхнікі (свабоднай серыйнасці, алеаторыкі) і муз. стылістыкі мінулага. Сярод твораў: оперы «Пена дзён» (1981, паст. 1986), «Чатыры дзяўчыны» (1986), балет «Споведзь» (паст. 1984); вак.-інстр. творы, у т. л. Рэквіем (1980); сімфоніі (1982, 1987); «Свеце ціхі» для хору а капэла (1988); творы для інструментаў з аркестрам, у т. л. 10 канцэртаў (1972—86); камерна-інстр. і вак. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Ударныя інструменты ў сучасным аркестры» (1982), «Сучасная музыка і праблемы эвалюцыі кампазітарскай тэхнікі» (1986). Старшыня Асацыяцыі сучаснай музыкі (Масква, з 1990).

т. 6, с. 142

Дзянісаў Леанід Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 380

Дзянісаў Сяргей Дзмітрыевіч

т. 18, кн. 1, с. 380

ДЗЯНІ́СКАВІЧЫ,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на У ад горада і 23 км ад чыг. ст. Ганцавічы. 271 км ад Брэста. 1817 ж., 887 двароў (1997). Лясніцтва. Меліярац. ўпраўленне асушальна-арашальных сістэм. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Царква.

т. 6, с. 142

т. 6, с. 142

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадская і літ. газета. Выдавалася з 14.11.1916 да 13.1.1917 у Петраградзе штодзённа на бел. мове. Рэдактар-выдавец З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны). Асвятляла гіст. мінулае, культ. здабыткі Беларусі, эканам. і паліт. становішча ў 1-ю сусв. вайну. Выступала за права народаў нац. меншасцей Расіі на свабоду і самастойнасць, за развіццё нац. культуры, асветы, друку. Адстойвала правы бел. народа на нац. адраджэнне, навучанне на роднай мове, заснаванне нац. навуч. устаноў (арт. Ц.​Гартнага «Аб беларускім універсітэце», «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце»), выступала за ўнармаванне бел. правапісу (нарыс Э.​Будзькі «Думкі да граматыкі»). Змяшчала маст. і публіцыстычныя творы Ц.​Гартнага, К.​Буйло, М.​Гарэцкага, Я.​Дылы, А.​Паўловіча, Х.​Чарнышэвіча, Ф.​Шантыра і інш. Спыніла існаванне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцей. Выйшла 7 нумароў.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 142

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав. улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.​Гартны, І.​Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.​Коласа, Гартнага, М. і Г.​Гарэцкіх, Я.​Дылы, Дварчаніна, Я.​Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.

Літ.:

Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 142

ДЗЯНШЧЫ́К,

1) у мінулыя часы ў шэрагу армій (герм., аўстра-венг., італьян., франц., рас. і інш.) салдат (матрос), які знаходзіўся пры генерале, адмірале, афіцэру або ваен. чыноўніку ў якасці прыслугі. У Расіі Дз. з’явіліся пры цару Міхаіле Фёдаравічу і прызначаліся для выканання розных даручэнняў на адзін дзень (адсюль назва); з канца 17 ст. пастаянная прыслуга. На караблях рас. ВМФ абавязкі Дз. фактычна выконваў веставы.

2) Афіцэр світы Пятра I, які выконваў яго асобыя даручэнні.

т. 6, с. 142