ДЗЯНІ́САЎ Эдзісон Васілевіч
(6.4.1929, г. Томск, Расія — 23.11.1996),
расійскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас кампазіцыі В.Шабаліна), з 1958 выкладаў у ёй (праф. з 1993). У творчасці дамагаўся сінтэзу сучасных сродкаў кампазіцыйнай тэхнікі (свабоднай серыйнасці, алеаторыкі) і муз. стылістыкі мінулага. Сярод твораў: оперы «Пена дзён» (1981, паст. 1986), «Чатыры дзяўчыны» (1986), балет «Споведзь» (паст. 1984); вак.-інстр. творы, у т.л. Рэквіем (1980); сімфоніі (1982, 1987); «Свеце ціхі» для хору а капэла (1988); творы для інструментаў з аркестрам, у т.л. 10 канцэртаў (1972—86); камерна-інстр. і вак. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Ударныя інструменты ў сучасным аркестры» (1982), «Сучасная музыка і праблемы эвалюцыі кампазітарскай тэхнікі» (1986). Старшыня Асацыяцыі сучаснай музыкі (Масква, з 1990).
т. 6, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)