Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДАРУЧЭ́ННЕ,

цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 58

ДАРФУ́Р,

плато ў зах. ч. Судана, водападзел паміж бас. воз. Чад і р. Белы Ніл. Пераважаюць цокальныя раўніны выш. 1000—1500 м, над якімі ўзвышаюцца астраўныя горы выш. да 3088 м (патухлы вулкан Мара). Клімат экватарыяльна-мусонны. Ландшафты тыповых і апустыненых саваннаў.

т. 6, с. 58

ДАРЫГА́НГА,

вулканічная вобласць на У Манголіі. Патухлыя вулканы (выш. да 1778 м), палі базальтавых лаў, буйныя масівы пяскоў. Расліннасць паўпустынная і стэпавая.

т. 6, с. 58

ДАРЫЕ́НКА (Дамнікія Цімафееўна) (н. 15.1.1919, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна),

малдаўская актрыса. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Адэскае тэатр. вучылішча (1937). Працавала ў Малд. т-ры ў Тыраспалі (цяпер Муз.-драм. т-р імя Пушкіна ў Кішынёве). Сярод лепшых роляў: Васілуца («Каса маре» І.​Друцэ), Стэха («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Хрысціна («Патомкі» Ю.​Яноўскага), Маўра («Дзяўчына шчасце шукала» паводле В.​Кабылянскай), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Таццяна («Ворагі» М.​Горкага), Эльміра («Тарцюф» Мальера).

т. 6, с. 58

ДАРЫЕ́НКА (Пётр Сцяпанавіч) (16.4.1923, с. Далінскае Адэскай вобл., Украіна — 9.7.1976),

малдаўскі паэт. У 1963—67 міністр культуры Малдавіі. У лірычных зб-ках «Светлыя дарогі» (1951), «Раскажы мне, Днестр!» (1955), «Сляды чалавека» (1964), «Лёс кахання» (1977), «Станцыя адпраўлення» (1977, на рус. мове) і інш. апаэтызаваў гераізм сав. людзей у Вял. Айч. вайну, іх працу ў гады мірнага буд-ва. Аўтар драм. твораў «Калі спее вінаград» (1961), «Перад адпачынкам» (1973), кніг нарысаў, эсэ «Новыя знаёмствы: Пуцявыя нататкі» (1973), «Людзі маёй біяграфіі» (1979) і інш.

т. 6, с. 58

ДА́РЫЙ,

імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржаве.

Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах. ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл. Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.

Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).

Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.

Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.

т. 6, с. 58

ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),

адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш. паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.​Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх. дарычнага ордэра.

т. 6, с. 58

ДА́РЫК,

старажытнаперсідская залатая манета; першая залатая манета старажытнасці. Стала вырабляцца пры Дарыі I (каля 516 да н.э.; назва ад імя Дарыя). Маса — 8,4 г золата. Д. быў асновай манетнай сістэмы. Чаканіўся на царскім манетным двары ў Персепалі (да заваёвы Персіі Аляксандрам Македонскім).

т. 6, с. 58

ДАРЫ́О (Dario) Рубэн [сапр. Гарсія Сармьента

(García Sarmiento) Фелікс; 16.11.1867, г. Сьюдат-Дарыо, Нікарагуа — 6.2.1916], нікарагуанскі паэт, журналіст, буйнейшы прадстаўнік т.зв. лацінаамер. мадэрнізму. Быў консулам Нікарагуа ў Парыжы (1893—98),

паслом у Іспаніі (1908—10), карэспандэнтам. Вядомасць прынеслі зб-кі «Рыфы» і «Рыфмы» (абодва 1887), «Блакіт» (1888), «Язычніцкія псалмы» (1896). Лірыка Д. вызначаецца пантэісцкім бачаннем свету, культам прыгажосці, музычнасцю і пластычнасцю: зб-кі «Песні жыцця і надзеі» (1905), «Паэма восені і іншыя вершы» (1910) і інш. Яго эсэістыка спрыяла засваенню лацінаамерыканскай еўрап. культуры і ўсведамленню нац. самабытнасці (зб-кі «Сучасная Іспанія», 1901, «Увесь палёт», 1912, і інш.). У вершах і публіцыстыцы адлюстраваліся рэзкае непрыманне каштоўнасцей бурж. грамадства, абарона права на паліт. незалежнасць. Аўтар мемуарнай прозы («Гісторыя маіх кніг», 1913, «Жыццё Рубэна Д., расказанае ім самім», 1915, і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1981.

К.​М.​Міхееў.

Р.Дарыо.

т. 6, с. 59

ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,

адзін з трох асноўных грэч. арх. ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (​1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане пліты — абака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.

Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж. Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.

Да арт. Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.

т. 6, с. 59