ДАРУЧЭ́ННЕ,
цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)