Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАТАЛЕ́ВІЧ (Нічыпар Якаўлевіч) (17.5.1900, г. Орша Віцебскай вобл. — 28.3.1964),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Ваен.-паліт. акадэмію імя Талмачова ў Ленінградзе (1934). Удзельнік грамадз. вайны. У 1919—37 у Чырв. Арміі; палітрук роты, камісар палка, нач. палітаддзела дывізіі. З ліст. 1937 да ліп. 1938 в. а. старшыні ЦВК БССР. У 1938—47 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР і нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. У 1948—56 на адказных пасадах у Пензенскай вобл. У 1956—60 на гасп. рабоце ў Мінску, Баранавічах, Брэсце. Чл. ЦК КП(б)Б у 1937—47, Бюро ЦК КП(б)Б у 1938—47. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50, Вярх. Савета БССР у 1938—51.

т. 11, с. 205

НАТА́ЛЬ, Натал (Natal),

гістарычная вобласць і правінцыя на У Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР), на ўзбярэжжы Індыйскага ак. Першыя еўрапейцы (партугальцы на чале з Васка да Гамай) высадзіліся тут у 1497 у дзень нараджэння Хрыстова (Dies Natalis Domini — адсюль назва). Тэр. Н. насялялі паўд. і паўд.-ўсх. плямёны банту (зулусы). У 17—18 ст. яе спрабавалі каланізаваць галандцы. У 1837 сюды сталі перасяляцца з інш. тэрыторый буры. У 1838 пасля бітвы на р. Інкоме паміж зулусамі і атрадамі бурскіх перасяленцаў апошнія захапілі Н. і стварылі аднайм. бурскую рэспубліку. У 1842 Н. анексіравана Вялікабрытаніяй і стала брыт. калоніяй. Н. моцна пацярпела ў час англа-бурскіх войнаў 1881 і 1899—1902. Пасля ўтварэння ПАР (1910) Н. — адна з 4 яе правінцый.

т. 11, с. 205

НА́ТАНС ((Nathans) Даніэл) (н. 30.10.1928, г. Уілмінгтан, ЗША),

амерыканскі вірусолаг. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Дэлавэрскі ун-т (1950). Працаваў ва ун-тах Вашынгтонскім і Дж.Хопкінса ў г. Балтымар. Навук. працы па структуры і функцыі генома віруса. Выкарыстаў ферменты рэстрыктазы для даследавання структуры (карціравання) ДНК аднаго з анкагенных вірусаў. Вывучыў працэс яго рэплікацыі і транскрыпцыі, выявіў у яго геноме «анкагенны» ўчастак, атрымаў яго т.зв. эвалюцыйныя мутанты і гібрыды з адэнавірусамі. Нобелеўская прэмія 1978 (разам з Г.Смітам і В.Арберам).

Д.Натанс.

т. 11, с. 205

НА́ТАРП ((Natorp) Паўль) (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),

нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.

В.І.Боўш.

т. 11, с. 206

НАТА́РЫУС (ад лац. notarius пісар, сакратар),

службовая асоба, якая ажыццяўляе натарыяльныя дзеянні (гл. Натарыят). На Беларусі існуюць Н. прыватныя і дзяржаўныя. У адпаведнасці з заканадаўствам на пасаду Н. назначаюцца грамадзяне краіны, якія маюць вышэйшую юрыд. адукацыю і прайшлі адпаведную стажыроўку ў дзярж. натарыяльнай канторы або ў Н., які займаецца прыватнай практыкай, вытрымалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі ліцэнзію на права натарыяльнай дзейнасці.

І.С.Шахрай.

т. 11, с. 206

НАТАРЫЯ́Т сістэма органаў і службовых асоб, на якіх ускладзена засведчанне здзелак, афармленне спадчынных правоў і ажыццяўленне інш. дзеянняў, накіраваных на юрыд. замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне іх магчымага парушэння. На Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам «Аб дзяржаўным натарыяце» ад 30.4.1974 Н. прызначаны ахоўваць законнасць і прадухіляць правапарушэнні ў галіне цывільна-прававых адносін. Натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць натарыусы, якія працуюць у дзярж. натарыяльных канторах або займаюцца прыватнай практыкай. У выпадку адсутнасці ў населеным пункце Н. натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць службовыя асобы органаў выканаўчай улады, упаўнаважаныя на выкананне такіх функцый. Натарыяльныя дзеянні ад імя Беларусі на тэр. іншых дзяржаў ажыццяўляюць консульскія ўстановы краіны за мяжой. Заканадаўства прадугледжвае права Н. і ўстаноў, якія яго замяняюць, і службовых асоб сведчыць натарыяльныя здзелкі, сапраўднасць подпісаў на дакументах і дакладнасць копій з іх, выдаваць пасведчанні аб праве на спадчыну, выконваць інш. дзеянні. За выкананне натарыяльных дзеянняў, як правіла, спаганяецца дзярж. пошліна.

І.С.Шахрай.

т. 11, с. 206

НАТА́ТКА, заметка,

кароткае паведамленне, у якім апісваецца які-н. факт ці ставіцца канкрэтнае пытанне, газетны жанр. Падарожныя Н. — разнавіднасць нарыса. Н. таксама называюць жанр публіцыстычнага ці навук. твора, які, нягледзячы на адрывачнасць, дае ўяўленне аб прадмеце.

т. 11, с. 206

НАТА́ШЫНА,

радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяскоў ва Ушацкім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., каля вёсак Мажуйкі і Зерчаніцы. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял шэры, месцамі гліністы. Пяскі сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 25,2 млн. м³, перспектыўныя — 33,6 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,8—15 м, ускрышы (пяскі, торф) 0,2—3,4 м. Жвір і пясок прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.П.Шчураў.

т. 11, с. 206

НАТО (NATO — скароч. ад англ. North Atlantic Treaty Organization),

гл. Арганізацыя паўночнаатлантычнага дагавору.

т. 11, с. 206

«НА́ТРЫЕВАЯ ПО́МПА», «натрыева-каліевая помпа»,

мембранны механізм, які падтрымлівае ў клетцы пэўныя суадносіны іонаў натрыю Na​+ і калію К+ шляхам іх актыўнага транспарту супраць электрахім. і канцэнтрацыйнага градыентаў. Звычайна абмен катыёнамі паміж клеткай і навакольным асяроддзем адбываецца праз сістэму спец. мембранных каналаў па градыентах (пасіўны транспарт). Актыўны перанос супраць любога з градыентаў патрабуе затрат энергіі, якая паступае пры распадзе АТФ. Функцыянаванне «Н.п.» звязана з пераносам метабалітаў, а для нерв. і мышачных валокнаў таксама з механізмам узбуджэння і залежыць ад метабалізму клеткі. Гл. таксама Іонная праводнасць, Транспарт рэчываў.

С.С.Ермакова.

т. 11, с. 206