НАТАГРА́ФІЯ (ад лац. nota знак, заўвага + ...графія),
1) апісанне нотных выданняў і рукапісаў; дапаможнікі (паказальнікі, агляды, спісы, каталогі), у якіх апісаны і сістэматызаваны нотныя выданні і рукапісы; дапаможная галіна музыказнаўства.
2) Навук. дысцыпліна, што вывучае гісторыю, тэорыю і методыку апісання і класіфікацыю муз. твораў у іх нотным запісе. У заходнееўрап. краінах Н. як самаст. навук. галіна не вылучаецца, нотныя выданні і рукапісы вывучае муз. бібліяграфія.
Найб. ранняя форма Н. — індэксы ў рукапісных танарыях 9—11 ст. (зборы грыгарыянскіх песнапенняў, што размеркаваны па ладах). Адна з першых друкаваных Н. — сістэматычны спіс 1299 нотных, пераважна ням., выданняў у кнізе П.Болдуана «Філасофская бібліятэка» (1616). З 18 ст. ў краінах Еўропы і ЗША выходзяць разнастайныя нотаграфічныя спісы, агляды, каталогі, у большасці з іх змяшчаюцца Н., складзеныя ў нац. аспекце. У Расіі першай формай Н. былі выдавецка-гандл. каталогі 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы з 1-й пал. 19 ст. З пач. 20 ст. нотныя выданні рэгіструюцца ў «Нотной летописи» (1931). З 1805 рэгулярна выдаваліся каталогі выд-ва І.Завадскага (Вільня). «Летапіс друку Беларусі» мае спец. раздзел «Летапіс нотаў» (з 1924), бібліягр. паказальнік «Беларуская ССР у друку СССР і зарубежных краін» (1946—91) — раздзел «Ноты». Нотаграфічныя спісы і агляды змяшчаюцца ў дадатку да бюлетэня «Новыя кнігі Беларусі». Рэтраспектыўныя паказальнікі «Музычная літаратура БССР» (1963, 1977) і «Музычная літаратура Беларусі» (1997) улічылі нотныя выданні, якія выйшлі ў 1917—90, а таксама муз. творы бел. фальклору і бел. кампазітараў, апублікаваныя за межамі рэспублікі, матэрыялы перыяд. друку Беларусі 1945—90. Нотаграфічныя спісы прыводзяцца ў разнастайнай інфарм., навук.-даследчай, метадычнай і пед. л-ры па музыцы, бібліягр. даведніках (гл. Лексікаграфія музычная), бел. праграмах для муз. школ, вучылішчаў, Бел. акадэміі музыкі, персанальных бібліягр. паказальніках і інш.
Літ.:
Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979. С. 163—164;
Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі, 1997. Мн., 1998.
Н.Г.Мазурына.
т. 11, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)