Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДАШКО́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ (Прызначаны для выхавання дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь 4511 Д.у.) (444,3 тыс. дзяцей),

у т. л. 3875 устаноў агульнага тыпу (яслі, дзіцячыя сады, яслі-сад), 27 санаторных, 28 кампенсуючых для дзяцей з адхіленнямі ў псіхафіз. развіцці, 13 з паглыбленымі кірункамі ў рабоце, 3 цэнтры развіцця дзіцяці; 54,1 тыс. пед. работнікаў, у т. л. 42,1 тыс. выхавацеляў, каля 5 тыс. муз. кіраўнікоў, 974 лагапеды, 993 кіраўнікі фіз. культуры, 87 настаўнікаў замежнай мовы (гл. таксама Дашкольнае выхаванне і навучанне).

А.​В.​Маслова.

т. 6, с. 72

ДАШКО́Ў (Яўген Іванавіч) (н. 15.2.1941, г. Екацярынбург, Расія),

рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). У 1961—67 працаваў у т-рах Казані, Свярдлоўска, Бранска. З 1967 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца роляў героіка-рамантычных, характарных і лірычных.

Творчая манера адметная спалучэннем мяккага лірызму з адчуваннем драматызму чалавечага лёсу. Сярод лепшых роляў: Башлыкоў («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), князь Уладзімір («Гора і слава» А.​Петрашкевіча), Васіль («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Павел, Сяргей («Грэшнае каханне», «Амазонкі» А.​Дзялендзіка), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Дон Хуан («Каханне не жарты» П.​Кальдэрона), Фіеска («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.​Шылера), Бусыгін («Спатканне ў прадмесці» А.​Вампілава).

т. 6, с. 72

ДАШНАКІ́,

члены армянскай нацыянальнай партыі «Дашнакцуцюн» («Саюз»), засн. ў 1890 у Тбілісі. Імкнуліся да вызвалення армян з-пад тур. прыгнёту і аўтаноміі арм. дзяржавы. Падтрымалі лют. рэвалюцыю 1917 у Расіі, але выступілі супраць бальшавікоў і Кастр. рэвалюцыі 1917; адарвалі Арменію ад Расіі і разам з эсэрамі, меншавікамі і мусаватыстамі стварылі Закаўказскі камісарыят, потым Закаўказскі сейм. У маі 1918 — ліст. 1920 «Дашнакцуцюн» — правячая партыя ў арм. рэспубліцы. Пасля ўступлення сюды Чырв. Арміі ўрад Д. (знаходзіўся ў г. Александропаль) заключыў дагавор з Турцыяй аб стварэнні ў яе межах аўтаномнай арм. дзяржавы. У лют. 1921 Д. арганізавалі ў Арменіі антысав. паўстанне, пасля разгрому якога партыя «Дашнакцуцюн» ліквідавана. У эміграцыі арг-цыі Д. дзейнічаюць у ЗША, Францыі, Грэцыі, Іране і інш. У пач. 1990-х г. аднавілі легальную дзейнасць у Арменіі.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 72

ДА́ШТЫ-МАРГО́,

пустыня на ПдЗ Афганістана, паміж далінамі рэк Гільменд і Хашруд. Пл. каля 150 тыс. км² Выш. 500—700 м. Друзаватыя і гліністыя раўніны з рэдкай палына-салянкавай расліннасцю; на ПдЗ — масівы пяскоў, такыры, саланчакі, па ўскраінах — аазісы. Адгонная жывёлагадоўля. Вярблюдагадоўля.

т. 6, с. 72

ДАШУ́К (Віктар Нічыпаравіч) (н. 16.9.1938, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.​Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).

В.Н.Дашук.

т. 6, с. 72

ДАШЧА́НКА,

1) нізенькая кадушка з тонкіх клёпак для мукі, збожжа, служыла і за сявеньку.

2) Лодка з дошак.

т. 6, с. 73

ДАШЧЫ́НСКІ (Юзаф) (1781, Вільня — 1844),

бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.​М.​Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.​Сальеры і «Белая дама» Ф.​А.​Буальдзьё, сімфоніі І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.​Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.​К.​Агінскага і К.​Курпінскага).

Літ.:

Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.

А.​Л.​Капілаў.

т. 6, с. 73

ДАШЫ́ЕЎ (Дугаржап Цырэнавіч) (н. 15.5.1939, с. Улзар, Бурація, Рас. Федэрацыя),

бурацкі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1969). З 1969 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Андрэй Хаванскі («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Атэла, Дон Карлас, Альфрэд, Радамэс («Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Аіда» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Баір («Цудоўны скарб» Б.​Ямпілава), Энхэ («Энхэ—Булат-батар» М.​Фралова). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (Масква, 1968). Дзярж. прэмія Бураціі 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1983.

т. 6, с. 73

ДАЯХАТЫ́Н,

помнік архітэктуры 12 ст. ў Туркменістане; караван-сарай. За 170 км на ПнУ ад г. Чарджоў, на шляху г. Мерв—Харэзм. Квадратны ў плане аб’ём з унутр. 4-тэрасным дваром і галерэяй па перыметры перакрыты разнастайнымі варыянтамі скляпенняў у інтэр’ерах. Сцены змураваны з сырцу і абліцаваны абпаленай цэглай. Гал. і дваровы фасады ўпрыгожаны геам. і эпіграфічным арнаментам.

т. 6, с. 73

«ДА ВІ́ЛЬНІ Е́ДУЦЬ»,

бел. нар. гульня. Гуляюць 3—8 хлопчыкаў. На пляцоўцы чэрцяць круг дыяметрам 4—7 м, у цэнтры ставяць «Вільню» (завостраная палка). Першы гулец злёгку ўтыкае ў зямлю на рысцы круга калок (даўж. 15—20 см) і б’е па ім шляжкай (палка-бразготка). На колькі калок увойдзе ў зямлю, на столькі гулец перамяшчае яго да «Вільні». Калі ж прамахнецца, шляжка перадаецца іншаму. Гульня працягваецца, пакуль усе калкі не стануць ушчыльную да «Вільні». Прайграе той, хто прыехаў у «Вільню» апошнім.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 556