ДАШНАКІ́,
члены армянскай нацыянальнай партыі «Дашнакцуцюн» («Саюз»), засн. ў 1890 у Тбілісі. Імкнуліся да вызвалення армян з-пад тур. прыгнёту і аўтаноміі арм. дзяржавы. Падтрымалі лют. рэвалюцыю 1917 у Расіі, але выступілі супраць бальшавікоў і Кастр. рэвалюцыі 1917; адарвалі Арменію ад Расіі і разам з эсэрамі, меншавікамі і мусаватыстамі стварылі Закаўказскі камісарыят, потым Закаўказскі сейм. У маі 1918 — ліст. 1920 «Дашнакцуцюн» — правячая партыя ў арм. рэспубліцы. Пасля ўступлення сюды Чырв. Арміі ўрад Д. (знаходзіўся ў г. Александропаль) заключыў дагавор з Турцыяй аб стварэнні ў яе межах аўтаномнай арм. дзяржавы. У лют. 1921 Д. арганізавалі ў Арменіі антысав. паўстанне, пасля разгрому якога партыя «Дашнакцуцюн» ліквідавана. У эміграцыі арг-цыі Д. дзейнічаюць у ЗША, Францыі, Грэцыі, Іране і інш. У пач. 1990-х г. аднавілі легальную дзейнасць у Арменіі.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)