Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РА́БЧЫК (Fritillaria),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 100 відаў.

Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. Трапляюцца на лугах, сярод хмызнякоў, у стэпах, па схілах гор. На Беларусі культывуецца 6 відаў Р.: бледнакветкавы (F. pallidiflora), жоўты (F. lutea), імператарскі (F. imperialis), камчацкі (F. camschatcensis), Радэ (F. raddeana), шахматны (F. meleagris).

Шматгадовыя цыбульныя расліны выш. да 100 см. Цыбуліны шарападобныя. Лісце вузкае або шырокаланцэтнае, чаргаванае ці кальчаковае. Кветкі паніклыя, адзіночныя або ў суквецці белага, жоўтага, аранжавага, чырвона-фіялетавага колераў, часта з шахматным малюнкам. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рабчык шахматны.

т. 13, с. 189

РА́БЧЫК (Tetrastes bonasia),

птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Аселая птушка, селіцца парамі ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк. Гняздуецца на зямлі. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. раёнах. Нар. назва арабак.

Даўж. да 40 см, маса да 580 г. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. У самцоў на галаве чубок. Крылы кароткія, тупыя. Ніжняя ч. цэўкі і пальцы неапераныя. Манагам. Адкладвае 6—10, зрэдку да 15 яец. Расліннаедны. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Рабчык: 1 — самка; 2 — самец.

т. 13, с. 190

РАБЧЭ́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1912, в. Балешын Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. —31.3.1979),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Магілёўскі мед. тэхнікум (1932), Сталінградскую ваен. школу лётчыкаў (1936). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Сталінградскім, Паўд., Паўн.-Каўказскім, 4-м Укр., 1-м, 2-м і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір эскадрыллі штурмавікоў, штурман палка, дывізіі, камандзір штурмавога авіяпалка. Зрабіў 192 баявыя вылеты, знішчыў 5 варожых самалётаў у паветры і 20 на зямлі. Да 1956 у Сав. Арміі, потым на адм.-гасп. рабоце. Яго імем названа вуліца ў г. Клімавічы.

М.Ф.Рабчэўскі.

т. 13, с. 190

РАБЯНО́К (Жан Аляксандравіч) (н. 28.1.1932, г. Сямёнаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне інфекц. хвароб. Д-р мед. н. (1986), праф. (1989). Скончыў Куйбышаўскі мед. ін-т (1955). У 1962—98 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1988 заг. кафедры), з 2000 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па харчовых таксікаінфекцыях, септычных захворваннях, сепсісе.

Тв.:

Современные проблемы сепсиса // Здравоохранение. 1999. №9;

Чи розуміемо ми, що таке сепсис? // Інфекційні хвороби: Наук.-практич. мед. журн. (Тернопіль), 2000. №3.

т. 13, с. 190