Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Пціч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 37 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Седча. 315 ж., 108 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік на брацкай магіле партызан.

т. 11, с. 101

НАВАПО́ЛЬСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1952 у в. Новае Поле (Мінскі р-н). Рыхтуе правазнаўцаў і бухгалтараў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): правазнаўства; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 11, с. 101

НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),

сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).

т. 11, с. 101

НАВА́РА (Navarra),

аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у паўд. адгор’ях Зах. Пірэнеяў. Пл 10,4 тыс. км2. Нас. каля 550 тыс. чал. (1997). У адм. адносінах утварае прав. Навара. Адм. ц.г. Памплона. Рэльеф горны (пік Ані, 2504 м). Клімат умераны. За год выпадае 500—1000 мм ападкаў. У гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Вырошчваюць пшаніцу, цукр. буракі, агародніну. Вінаградарства і садоўніцтва. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Прам-сць: металург., металаапр., хім., дрэваапр., папяровая, харч., у т.л. цукр. і вінаробчая, гарбарна-абутковая.

т. 11, с. 101

НАВАРО́СІЯ,

гістарычная вобласць на Пн ад Чорнага і Азоўскага мораў; цяпер у складзе Малдовы, Украіны (Адэская, Мікалаеўская, Херсонская, Днепрапятроўская, Запарожская, часткова Данецкая і Луганская вобласці) і Расіі (ч. Растоўскай вобл.). Гэтыя землі ўключаны ў склад Рас. імперыі ў выніку войнаў з Турцыяй паводле дагавораў 1739, 1774, 1791, 1812. Малалюдныя стэпы Н., з якіх былі выдалены качэўнікі-нагайцы, засялялі ўкр. казакі, выхадцы з цэнтр. Расіі, каланісты з інш. краін — сербы, балгары, венгры, немцы і інш. У 1764 утворана Новарасійская, у 1802 — Екацярынаслаўская, у 1803 — Херсонская губерні. З сярэдзіны 19 ст. Н. была раёнам гандл. земляробства з развітымі капіталіст. адносінамі. Гал. гарады — Адэса, Екацярынаслаў (цяпер Днепрапятроўск), Мікалаеў, Херсон. У 1920-я г. назва «Н.» выйшла з афіц. ўжытку.

т. 11, с. 101

НАВАРЫ́НСКАЯ БІ́ТВА 1827,

баявыя дзеянні ў Наварынскай бухце (на ПдЗ ад п-ва Пелапанес, Грэцыя) паміж тур.егіп. флотам і аб’яднанымі эскадрамі Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі 20 кастр. ў час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Аб’яднаныя эскадры (злучыліся 11 кастр.) былі накіраваны ўрадамі сваіх краін для аказання націску (дэманстрацыяй ваен. караблёў) на Турцыю, якая адмовілася выканаць патрабаванні Лонданскай канвенцыі 1827. Камандуючыя эскадрамі брыт. віцэ-адм. Э.Кодрынгтан, франц. контр-адм. А.Г. дэ Рыньі і рас. контр-адм. Л.Гейдэн вырашылі ўвесці свае сілы ў Наварынскую бухту, дзе знаходзіўся тур.-егіп. флот (62 баявыя караблі, 6 брандэраў і да 126 дапаможных суднаў, каля 2,2 тыс. гармат) пад камандаваннем Ібрахіма-пашы. 20 кастр. саюзны флот (26 баявых караблёў, каля 1,3 тыс. гармат) пад агульным камандаваннем Кодрынгтана ўвайшоў у бухту. Пасля забойства туркамі 2 парламенцёраў і абстрэлу тур. берагавымі батарэямі (165 гармат) саюзных караблёў адбыўся 4-гадзінны бой, у ходзе якога тур.-егіп. флот быў амаль увесь знішчаны (загінула да 7 тыс. туркаў, саюзнікі страцілі каля 800 чал.). У бітве вызначыўся рас. флагманскі карабель «Азоў» (камандзір М.П.Лазараў), які знішчыў 5 суднаў праціўніка. Разгром тур. флоту садзейнічаў нац.-вызв. барацьбе грэкаў і перамозе Расіі ў рус.-тур. вайне 1828—29.

Літ.:

М.П.Лазарев: Док. Т. 1. М., 1952;

Русские и советские моряки на Средиземном море. М., 1976.

А.М.Лукашэвіч.

т. 11, с. 101

НАВА́РЫЧ (Алесь) (сапр. Трушко Аляксандр Іванавіч; н. 2.11.1960, в. Відзібор Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1985). Настаўнічаў, з 1988 працаваў у час. «Вожык», Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання, з 1992 рэдагаваў газ. «Збудінне», у 1995—97 супрацоўнічаў у час. «Бярозка». Друкуецца з 1983. У апавяданнях (зб-кі «Рабкова ноч», 1988; «Ноч пацалункаў незалежнасці», 1989) піша пра людзей Палесся, прыроду. Іх асаблівасць — лаканічнасць, займальнасць, філас. асэнсаванне чалавечых лёсаў.

т. 11, с. 101

НАВАСА́Д (Пётр Аляксандравіч) (15.7.1939, в. Шэлехава Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 16.6.1994),

бел. спявак (барытанальны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1989). Спяваў у самадзейнасці. З 1960 артыст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. Валодаў моцным, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, дакладнай інтанацыяй. Яго выканальніцкая манера вылучалася абаяльнасцю, шчырасцю, эмацыянальнасцю. Выконваў адказныя сола ў праграмах калектыву, у т.л. бел. і рус. нар. песнях і інш.

М.П.Дрынеўскі.

т. 11, с. 101

НАВАСВЕ́РЖАНСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар. элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.

У.В.Трацэўскі.

Навасвержанская Успенская царква.

т. 11, с. 101

НАВАСВЕ́РЖАНСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. з цэглы як кальвінскі збор, з 1588 касцёл. Мураваны прамавугольны ў плане 1-вежавы храм са слаба акрэсленым трансептам, масіўнай абарончай вежай над уваходам і невысокай паўкруглай алтарнай апсідай, якая ўнутры мае складаны абрыс. З паўн. боку асн. аб’ёму ў 1-й пал. 17 ст. прыбудавана 3-ярусная квадратная ў плане вежа, накрытая 4-гранным шатром з кароткім шпілем. Ніжняя частка вежы ўмацавана контрфорсамі, верхнія ярусы аздоблены плоскімі арачнымі нішамі, у 2-м ярусе фланкіраванымі аркадай з пілястрамі. У ніжнім ярусе вежы вылучаны прытвор, скляпенне якога апрацавана дэкар. нервюрамі.

У.В.Трацэўскі.

Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 11, с. 102