НАВА́РА (ісп. Navarra, франц. Navarre),

сярэдневяковае каралеўства ў Пірэнеях са сталіцай Памплона (у 905—1512). У старажытнасці Н. насялялі баскі, выцесненыя ў 6 ст. вестготамі. У 716—719 заваявана арабамі, у 2-й пал. 8 ст. падпарадкавана Карлам Вялікім. З сярэдзіны 9 ст. незалежнае каралеўства, першы вядомы з летапісаў кароль Н. — Санча Гарсія (905—925). У 1027—35 у саюзе з Кастыліяй і Арагонам, у 1076—1134 у персанальнай уніі з Арагонам. У 1234—84 і 1328—1512 на каралеўскім прастоле Н. былі франц. графы, у 1285—1328 — франц. каралі. У 1485 Верхнюю Н. заваяваў Фердынанд Арагонскі. У 1512 яна далучана да Іспаніі (цяпер прав. Навара). Ніжняя Н. была фармальна незалежнай да 1589. Калі яе кароль Генрых Наварскі стаў франц. каралём Генрыхам IV, тэр. Ніжняй Н. далучылі да Францыі (цяпер дэпартамент Ніжнія Пірэнеі).

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)