Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕБЯДЗЁЎКА,

возера ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дняпро, за 3 км на Пн ад г. Жлобін. Пл. 0,2 км2, даўж. 1,6 км, найб. шыр. 140 м. Старычнае, разгалінаванае на залівы. Упадае ручай з воз. Буйнякава.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯДЗІ́НЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.

Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т.л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т.л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш. відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯДЗЯ́НКА,

вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вабіч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдУ ад г.п. Бялынічы, 44 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Вендрыж. 261 ж., 93 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯДО́ВЫЯ (Chenopodiaceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку гваздзіковых. Больш за 100 родаў, каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна па засоленых месцах ва ўмераным і субтрапічным паясах. Найб. вядомыя роды бурак, вярблюдка, лебяда, лябеднік, салянка, шпінат, хрупляўнік і інш. Трапляюцца на палях, агародах, каля пабудоў, уздоўж дарог.

Пераважна шматгадовыя травы і кусцікі, часта з членістымі сукулентнымі сцёбламі і галінкамі, радзей невял. дрэўцы, кусты і ліяны. Лісце чаргаванае і суцэльнае, бывае рэдукаванае (фотасінтэз ажыццяўляюць сцёблы). Кветкі дробныя, двухполыя ці аднаполыя, беспялёсткавыя ў шчыльных густых клубочках, сабраных у суквецці. Ветра- і насякомаапыляльныя, часта самаапыляльныя. Сярод Л.харч. (бурак, шпінат), кармавыя (лябеднікі і інш.), пашавыя (вярблюдкі, кохіі, кумарчыкі, салянкі і інш.), лек. (лебяда), фарбавальныя (лебяда, лябеднік), інсектыцыдныя (ітсегек, лебяда) расліны, замацавальнікі пяскоў (саксаул, салянкі і інш.).

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. М., 1980.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.

М.У.Бычкоў.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯЖО́ДА,

рака, гл. Ашмянка.

т. 9, с. 177

ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,

гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 16S6 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн. ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт. Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.

т. 9, с. 177

ЛЕ́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,

мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку Ампера сілы і магн. часткі Лорэнца сілы.

Паводле Л.р.п. левую далонь размяшчаюць так, каб выцягнутыя пальцы былі накіраваны ўздоўж вектара шчыльнасці току (ці скорасці дадатнага зараду), а сілавыя лініі магн поля ўваходзілі ў далонь, тады адагнуты вялікі палец пакажа напрамак сілы, якая дзейнічае на праваднік з токам (ці дадатна зараджаную часціцу).

Левай рукі правіла для сілы Лорэнца.

т. 9, с. 177

ЛЕВАНЕ́ЎСКІ (Сігізмунд Аляксандравіч) (1902, С.-Пецярбург — 13.8.1937),

палярны лётчык, Герой Сав. Саюза (1934). Нарадзіўся ў сям’і выхадцаў з Гродзенскай губ. Скончыў ваен. школу марскіх лётчыкаў у Севастопалі (1925). У Чырв. Арміі з 1918, удзельнік грамадз. вайны. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), стаў адным з першых Герояў Сав. Саюза. Упершыню ажыццявіў пералёт з Севастопаля на Чукотку (1933) і беспасадачны пералёт з ЗША (г. Лос-Анджэлес) у Маскву (1936). Прапаў без вестак у час беспасадачнага пералёту Масква—Паўн. полюс—Нью-Йорк.

С.А.Леванеўскі.

т. 9, с. 177

ЛЕВАНО́ВІЧ (сапр. Лявонаў) Леанід Кірэевіч

(н. 14.9.1938, в. Клеявічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). З 1963 працаваў у рэдакцыях газет, час. «Неман», «Полымя», у 1980—82 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання. З 1984 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зб. публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф.Варанішча — удзельнік рэв. руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваен. вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць нар. душу, жыццястойкасць бел. нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кн. «Вяртанне ў радыяцыю» (1997). Піша п’есы (аднаактоўка «Ці любіце вы грэчку?», 1972; драмы «Пасля разводу», нап. 1972; «Чабор», 1973, апубл. 1980; гераічная хроніка «Павел і Хуаніта», нап. 1974). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма «Дом майстроў» (1973) і інш.

Тв.:

Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста: Аповесць, п’есы. Мн., 1998.

Літ.:

Рагуля А. Святло знутры // Роднае слова. 1998. № 9;

Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 177