Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЕРАЎНА́Я,

вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Іса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Слонім, 163 км ад Гродна. 518 ж.. 348 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 6, с. 106

ДЗЕРАЎНА́Я,

вёска ў Хатаўскім с/с Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 106 км ад Мінска. 1749 ж., 564 двары (1997).

Вядома з 1-й пал. 15 ст. як маёнтак, каля якога ў 1525 М.Кежгайла заснаваў мястэчка. Належала Кежгайлам, Завішам, Радзівілам. У 1590—91 пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. У 1870-я г. ў Дз. касцёл, капліца, 2 сінагогі. школа, багадзельня, бровар, 5 крам. У 1880—306 ж., вінзавод, саладоўня, капліца, царк. прыход, цэнтр воласці, у 1897—823 ж., 125 двароў. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Івянецкага р-на, з 1962 у Стаўбцоўскім р-не. У 1971 у Дз. 938 ж., 255 двароў.

ПМК-74. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Дзераўноўскі касцёл Благавешчання і капліца (19 ст.).

т. 6, с. 106

ДЗЕРАЎНО́ЎСКІ КАСЦЁЛ БЛАГАВЕ́ШЧАННЯ,

помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу. Засн. ў 1590 М.К.Радзівілам і Г.Э.Вішнявецкай у в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст., у 2-й пал. 17 ст. прыбудавана цагляная вежа. Рэстаўрыраваўся ў пач. 18 ст., вежа заменена новай.

Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з 5-граннай апсідай накрыты высокім 2-схільным дахам. Да апсіды з бакоў прымыкаюць прамавугольныя сакрысціі. 3-ярусная вежа на гал. фасадзе (ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — 8-гранны) накрыта высокім шатром. Сцены ўмацаваны рытмічна размешчанымі вертыкальнымі контрфорсамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Унутры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Асн. памяшканне злучана з апсідай арачным праёмам.

А.А.Ярашэвіч.

Дзераўноўскі касцёл Благавешчання.

т. 6, с. 106

ДЗЕ́РБНІК

(Falco columbarius),

птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар. назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.

Дзербнік: 1 — самец; 2 — самка.

т. 6, с. 107

Дзервіз Рыгор Валяр’янавіч

т. 18, кн. 1, с. 378

ДЗЕРВЯНІ́СКАЕ ВО́ЗЕРА, Кальніца,

у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка. за 32 км на ПнУ ад Гродна. Пл. 1,04 км2, даўж. 3,9 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км.

Схілы катлавіны выш. 9—10 м, стромкія. пад лесам. Берагі пераважна супадаюць са схіламі. Праз возера цячэ р. Сламянка (злучае яго з азёрамі Вераўскае і Стаў), упадае ручай з воз. Чартова.

т. 6, с. 107

Дзергачоў Аляксандр Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 379

ДЗЕРУЖЫ́НСКІ Авяр’ян Сафонавіч

(н. 10.6.1919, в. Хляўно Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). Працаваў у прэсе, з 1949 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура», у 1981—84 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1939. Першы зб. вершаў «Песні маладосці» (1959). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Цуды ёсць на свеце» (1960), «Дзе жыве зіма» (1962), «Кую-кую ножку» (1967), «Смешкі і пацешкі» (1968), «Чабарок» (1970), «Конікі-будаўнікі» (1977), «Касмічны агарод» (1981), «Працалюбы» (1987) і інш. Аўтар тэкстаў песень «Мінскі вальс», «Дзявочая лірычная», «Беларусь» і інш., песні «Мяцеліца» і «Сабірайся ў госці, мой дзядок» сталі народнымі.

Тв.:

Добры ветрык. Мн., 1969;

Вяселікі: Выбранае. Мн., 1979;

Бярозавы вецер: Лірыка і гумар. Мн., 1990;

Веснавей. Мн., 1994;

Азбукі. Мн., 1997.

І.У.Саламевіч.

т. 6, с. 107

ДЗЕРУЖЫ́НСКІ Францішак

(3.1.1779, г. Орша, Віцебскай вобл. — 22.9.1850),

бел. рэліг. дзеяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнай сістэмы каталіцкай царквы ў ЗША. Скончыў езуіцкі калегіум у Оршы, у 1794 уступіў у ордэн езуітаў. У 1809 пасвячоны ў ксяндзы. Выкладаў тэалогію ў школах Аршаншчыны і Магілёўшчыны, у Полацкай езуіцкай акадэміі. З 1821 у ЗША, адзін з кіраўнікоў сістэмы адукацыі каталіцкай царквы ў краіне, з 1823 узначаліў ордэн езуітаў у ЗША.

Л.У.Языковіч.

т. 6, с. 107

ДЗЕРЦЬ,

зерне, здробненае зернедрабілкамі або на млыне без спец. ачысткі. Здрабняюць пераважна зерне з цвёрдай абалонкай — ячмень, проса, сорга, сухую кукурузу, віку, гарох і інш. Выкарыстоўваецца ў кармленні с.-г. жывёл, у рацыён уключаюць сумесі Дз. з сакаўнымі кармамі, а таксама Дз. дражджаваную.

т. 6, с. 107