ДЗЕРАЎНА́Я,

вёска ў Хатаўскім с/с Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 106 км ад Мінска. 1749 ж., 564 двары (1997).

Вядома з 1-й пал. 15 ст. як маёнтак, каля якога ў 1525 М.Кежгайла заснаваў мястэчка. Належала Кежгайлам, Завішам, Радзівілам. У 1590—91 пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. У 1870-я г. ў Дз. касцёл, капліца, 2 сінагогі. школа, багадзельня, бровар, 5 крам. У 1880—306 ж., вінзавод, саладоўня, капліца, царк. прыход, цэнтр воласці, у 1897—823 ж., 125 двароў. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Івянецкага р-на, з 1962 у Стаўбцоўскім р-не. У 1971 у Дз. 938 ж., 255 двароў.

ПМК-74. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Дзераўноўскі касцёл Благавешчання і капліца (19 ст.).

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)