Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАРО́ЖНЫЯ ВО́СЫ

(Pompilidae),

сямейства вос падатр. сцябліністабрухіх перапончатакрылых насякомых. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. На Беларусі 24 віды, з іх сярод камянёў і раслін на пясчаных дарогах найб. трапляюцца пампіл дарожны (Pompilus viaticus), павукалоў буры (Priocnemis fuscus).

Даўж. 3—25 мм. Пярэдняспінка развітая, брушка кароткае, сцябліністае. Малюнак цела чорны або чорны з чырвоным ці жоўтым. Ногі доўгія, пярэднія часта з капальным грэбенем. Палююць на павукоў. Большасць з іх рые ў зямлі гнёзды, выкарыстоўваюць і норкі павукоў, куды адкладваюць яйцы на паралізаваных уколамі джала павукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак. Лічынка акукліваецца ў норцы.

Да арт. Дарожныя восы. Пампіл дарожны.

т. 6, с. 56

ДАРО́ЖНЫЯ ЗНА́КІ,

гл. Знакі дарожныя.

т. 6, с. 57

ДАРО́ЖНЫЯ МАШЫ́НЫ,

комплекс машын і агрэгатаў для выканання дарожна-будаўнічых работ, рамонту і ўтрымання аўтамаб. дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Шырока выкарыстоўваюцца таксама ў гідратэхн., прамысл., с.-г., гар., аэрадромным буд-ве і на інш. інж.-буд. работах. Бываюць самаходныя, навясныя і прычапныя (да трактароў, цягачоў, аўтамабіляў).

Д.м. для падрыхтоўчых работкарчавальнікі, кустарэзы, каменеўборачныя машыны, рыхліцелі, дрэвавалы, дзернарэзы; імі ачышчаюць дарожныя палосы ад хмызняку, валуноў, расліннага слоя, рыхляць грунт. Д.м. для земляных работбульдозеры, грэйдэры, грэйдэры-элеватары, канвееры, каналакапальнікі, скрэперы, экскаватары, самазвалы, грунтакідальнікі і інш. (гл. таксама Землярыйныя машыны). Выконваюць работы па адсыпцы насыпаў, распрацоўцы выемак, пракладцы водаадводных ханаў, узвядзенні штучных збудаванняў, транспартаванні грунту. Д.м. для ўшчыльнення грунту і пакрыццяўкаткі дарожныя, трамбавальныя машыны, вібрапліты і інш. (гл. ў арт. Вібрацыйная тэхніка. Д.м. для ўкладкі дарожнага адзення і пакрыццябетанавозы, бітумавозы, гудранатары, асфальтабетонаўкладчыкі, бетонаўкладчыкі, фрэзы дарожныя, планіроўшчыкі, грунтазмяшальныя машыны і ўстаноўкі і інш. Д.м. для дарожна-эксплуатацыйных работснегаўборачныя машыны, палівальна-мыечныя, аўтараманцёры, разметачныя, песка- і солераскідвальнікі, падмятальна-ўборачныя і інш. (гл. ў арт. Камунальныя машыны). Ёсць машыны для падрыхтоўкі, вырабу, транспартавання дарожна-буд. матэрыялаў (драбілкі, дазатары, грохаты, каменярэзныя машыны, бетоназмяшальнікі, пагрузчыкі, пад’ёмныя краны і інш.).

У Беларусі работы па стварэнні Д.м. вядуць: НВА «Белдарбудтэхніка», канцэрн «Амкадор», Магілёўскі аўтамаб. з-д, Мазырскі з-д меліярац. машын, БПА, Магілёўскі машынабуд. ін-т і інш.

Літ.:

Машины для строительства дорог. 2 изд. М., 1971;

Дорожные машины. 2 изд. Л., 1976.

І.Л.Леановіч.

Дарожныя машыны: 1 — аўтабетоназмяшальнік для прыгатавання і дастаўкі бетоннай сумесі; 2 — гусенічны прафілёўшчык для будаўніцтва дарог мясцовага значэння; 3 — гусенічны асфальтаўкладчык; 4 — гусенічная аўтаматызаваная грунтазмяшальная машына; 5 — машына для стварэння ўмацавальных палос; 6 — самаходны нарэзчык швоў; 7 — заліўшчык швоў пры будаўніцтве цэментабетонных пакрыццяў; 8 — маркіровачная машына для нанясення раздзяляльных ліній.

т. 6, с. 57

ДАРО́ЖНЫ ПРАСВЕ́Т, клірэнс,

адлегласць ад найніжэйшага элемент канструкцыі аўтамабіля (акрамя колаў да ўзроўню зямлі (апорнай плоскасці) адзін з паказчыкаў праходнасці машыны. Д.п. легкавых аўтамабіляў 170—211 мм, аўтобусаў 180—340 мм, грузавы: аўтамабіляў 220—540 мм.

т. 6, с. 56

ДАРО́НІКУМ

(Doronicum),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў гарах умераных паясоў Еўропы, Азіі, Паўн. Афрыкі. На Беларусі інтрадукаваны і вырошчваюцца ў садах, парках і на прысядзібных участках 2 віды: Д. усходні (D. orientale) і трыпутнікавы (D. plantagineum).

Шматгадовыя травяністыя расліны з карэнішчам і прамастойнымі простымі або слабагалінастымі сцябламі. Прыкаранёвае лісце яйцападобна-круглаватае, з доўгімі чаранкамі, сцябловае — яйцападобна-эліпсоіднае. Кветкавыя кошыкі дыям. 6—8 см, жоўтыя, адзіночныя або ў шчыткападобных суквеццях. Цвітуць у маі—чэрвені. Плод — сямянка. Дэкар. і лек. расліны, выкарыстоўваюцца для групавых пасадак, у міксбордэрах, на газонах і камяністых горках. Размнажаюць дзяленнем карэнішчаў.

Г.У.Вынаеў.

Даронікум аўстрыйскі.

т. 6, с. 57

ДАРО́НІНА Таццяна Васілеўна

(н. 12.9.1933, С.-Пецярбург),

руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 у Ленінградскім Вял. драм. т-ры, у 1972—83 у Маск. драм. т-ры імя У.Маякоўскага, у 1966—72 і з 1983 у МХАТ імя М.Горкага. З 1987 маст. кіраўнік сцэны на Цвярскім бульвары (з 1989 самаст. т-р, які захаваў назву МХАТ імя М.Горкага) — дырэктар, гал. рэжысёр, маст. кіраўнік. Актрыса моцнага, глыбокага тэмпераменту. Сярод роляў: Надзея («Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна; і ў кіно), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра; і рэжысёр). З 1956 здымаецца ў кіно: «Тры таполі на Плюшчысе», «Яшчэ раз пра каханне», «Мачаха» і інш.

т. 6, с. 57

ДАРО́ХІН Уладзімір Васілевіч

(н. 1.1.1948, г. Слонім Гродзенскай вобл.),

бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1973). З 1978 адказны сакратар, з 1986 нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.

З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1991 дацэнт). Найб. значныя дасягненні Д. ў галіне сімф. музыкі. З пач. 1980-х г. творчасць набыла неарамант. кірунак. Сярод твораў: араторыя «Зямля Беларусі» на вершы П.Броўкі (1981), кантата «Арабскія прытчы» на вершы Абу Нуваса (1996); сімфоніі (1976, 1979; «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць», 1990), канцэрт для фп. з аркестрам (1983), сюіта «Мемарыял» для камернага арк. (1984), сімф. паэмы, у т.л. «Уяўленне і плач аб пакінутай вёсцы» (1992), «Пастараль» для габоя і камернага арк. (1988), «Музыка» для флейты і камернага ансамбля (1994); камерна-інстр. творы, вак. цыклы на вершы А.Блока і І.Буніна; музыка да драм. спектакляў.

Р.М.Аладава.

т. 6, с. 57

ДАРО́ШКА Пятро Ануфрыевіч

(24.12.1910, с. Тупічаў Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ун-т (1933). Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Перад навальніцай» (1935), «Жывыя крыніцы» (1960), «След» (1971) і інш. арганічна спалучаны публіцыстычны пафас і мяккі лірызм, паэтызуюцца краса роднай зямлі і чысціня пачуццяў. У аповесці «Лясная Гута» (1964), рамане «Не паўтары маю долю» (1968) вострыя маральна-этычныя праблемы. Аўтар паэм-прысвячэнняў М.Чарнышэўскаму «Вілюйскі вязень» (1955) і Т.Шаўчэнку «Спалох уначы» (1965), кніг твораў для дзяцей, зб. апавяданняў і ўспамінаў «Ад зары да зары» (1987). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Броўкі, Я.Коласа, Я.Купалы, П.Панчанкі. На бел. мову яго творы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, К.Кірэенка.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1980;

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 1.

В.А.Чабаненка.

т. 6, с. 58

Дарошчанка Іван Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 377

ДАРСАНВАЛІЗА́ЦЫЯ,

метад лек. выкарыстання пераменнага імпульснага току высокай частаты (110—140 кГц), напружання (дзесяткі тысяч вольт) і малой сілы (100—200 мА); адзін з метадаў электралячэння. Прапанаваны франц. вучоным Ж.А.Д’Арсанвалем у 1891.

Адрозніваюць Д. мясцовую і агульную. Пры мясц. Д. ўздзейнічаюць на асобныя ўчасткі цела хворага пры неўралгіі, галаўных болях, вагінізме, гемароі, варыкозным расшырэнні вен галёнкі, незагойванні ран і язваў, абмаражэнні, скурным свербе, пачатку аблітэруючых захворванняў сасудаў і ў касметычных мэтах. Агульная Д. — уздзеянне на ўвесь арганізм хворага пры гіпертанічнай хваробе, неўрастэніі, парушэннях сну, некат. хваробах абмену рэчываў. Д. мае заспакаяльнае дзеянне, стымулюе абмен рэчываў, паніжае высокі артэрыяльны крывяны ціск.

т. 6, с. 58