ДАРСАНВАЛІЗА́ЦЫЯ,
метад лек. выкарыстання пераменнага імпульснага току высокай частаты (110—140 кГц), напружання (дзесяткі тысяч вольт) і малой сілы (100—200 мА); адзін з метадаў электралячэння. Прапанаваны франц. вучоным Ж.А.Д’Арсанвалем у 1891.
Адрозніваюць Д. мясцовую і агульную. Пры мясц. Д. ўздзейнічаюць на асобныя ўчасткі цела хворага пры неўралгіі, галаўных болях, вагінізме, гемароі, варыкозным расшырэнні вен галёнкі, незагойванні ран і язваў, абмаражэнні, скурным свербе, пачатку аблітэруючых захворванняў сасудаў і ў касметычных мэтах. Агульная Д. — уздзеянне на ўвесь арганізм хворага пры гіпертанічнай хваробе, неўрастэніі, парушэннях сну, некат. хваробах абмену рэчываў. Д. мае заспакаяльнае дзеянне, стымулюе абмен рэчываў, паніжае высокі артэрыяльны крывяны ціск.
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)