ГО́ЛЬДШМІТ
(Goldschmidt) Віктар Морыц (27.1.1888, г. Цюрых, Швейцарыя — 20.3.1947),
нарвежскі геахімік, адзін з заснавальнікаў геахіміі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Вучыўся ў ун-тах Вены, Мюнхена і Осла (1905—11). З 1914 праф. і дырэктар Мінералагічнага ін-та ў Осла. З 1928 у Гётынгенскім ун-це, у 1935—42 і з 1946 дырэктар Геал. музея ў Осла. Навук. працы па фіз. хіміі мінералагенезісу, крышталяхіміі і хіміі мінералаў, горных парод і зямной кары. Сфармуляваў «мінералагічнае правіла фаз» (1911), законы ўтварэння крышт. структур, асновы тэорыі геахім. пашырэння элементаў (1923). Распрацаваў геахім. класіфікацыю хім. элементаў, даследаваў распаўсюджанне рэдкіх элементаў у зямной кары.
А.П.Чарнякова.
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬМАН Міхаіл Барысавіч
(29.10.1894, г. Кабялякі, Украіна — 27.12.1937),
удзельнік рэв. руху, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1916), Ін-т чырв. прафесуры ў Маскве (1927). З 1914 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. З 1916 у арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага Савета, з мая 1917 старшыня Магілёўскага Савета сял. дэпутатаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 левы эсэр, старшыня выканкома Савета рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Магілёўскай губ., нам. старшыні Бел. абл. к-та. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 чл. РКП(б). З 1918 нам. старшыні Сімбірскага губ. выканкома і ваенкома, старшыня рэўтрыбунала. У 1921—23 супрацоўнік Усх. сектара Выканкома Камінтэрна, старшыня Камісіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1924—25 у Дзяржплане СССР і ў аддзеле друку ЦК ВКП(б). З 1927 дацэнт БДУ. Выступаў супраць палітыкі беларусізацыі. Аўтар прац па эканоміцы. У ліп. 1927 за ўдзел у т.зв. трацкісцка-зіноўеўскім блоку выключаны з ВКП(б); у 1929 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў ссылкі. У 1936 паўторна асуджаны на 5 гадоў зняволення, пазней — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1965.
Т.Р.Воранава, У.В.Ляхоўскі.
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬМІЙ
(лац. Holmium),
Но, хімічны элемент III групы перыяд, сістэмы, ат. н. 67, ат. м. 164,9304, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 165Ho. Адкрыты швед. хімікам П.Клеве ў 1897.
Метал светла-шэрага колеру, tпл 1470 °C, шчыльн. 8799 кг/м³. Лёгка паддаецца мех. апрацоўцы. У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (акрамя фторыставадароднай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў, спец. шкла, актыватар люмінафораў.
т. 5, с. 328
ГОЛЬФ
(англ. golf),
спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой гумы (вес 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.
Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).
т. 5, с. 328
ГОЛЬЦ Георгій Паўлавіч
(6.3.1893, Масква — 27.5.1946),
рускі і бел. архітэктар і тэатр. мастак. Правадз. чл. Акадэміі архітэктуры СССР (1939). Скончыў Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні (1922) у Маскве. Сярод ранніх работ у стылі канструктывізму — Дзярж. банк у Мінску (1927; у сааўт.; не захаваўся). У Віцебску ў БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа) аформіў спектаклі: «Разлом» Б.Лаўранёва (1928), «Горад вятроў» У.Кіршона, «Авангард» В.Катаева (абодва 1930), «Качагары» І.Гурскага (1931), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1933) і інш. Сярод работ у Маскве: жылыя дамы на Ленінскім і Кутузаўскім праспектах, вул. М.Горкага (1939—40). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Літ.:
Быков В.Е. Георгий Гольц. М., 1978.
Л.А.Воінаў.
т. 5, с. 328
ГО́ЛЬЦБЛАТ Аляксандр Ісакавіч
(12.3.1932, Масква — 1996),
бел. вучоны ў галіне авечкагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1980). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1955). З 1961 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1983 у Вышэйшай селекцыйнай дзярж. школе (пас. Быкова Маскоўскай вобл.), Навук. працы па пытаннях селекцыі авечак і тэхналогіі танкаруннай авечкагадоўлі, стварэнні шматплоднай паўтанкаруннай пароды авечак з выкарыстаннем парод, якіх гадуюць на Беларусі; па ўдасканаленні сістэмы інтэнсіўнай вытворчасці прадуктаў авечкагадоўлі дастасавальна да ўмоў Беларусі.
Тв.:
Повышение продуктивности овец. Л., 1982 (разам з А.Д.Шашам);
Селекционно-генетические основы повышения продуктивности овец. Л., 1988 (разам з А.І.Ярохіным, А.М.Ульянавым).
т. 5, с. 329
ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР Іван Іванавіч
(9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),
удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус. паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.Р.Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.Сакальскім, стаў папулярнай песняй.
Тв.:
Поэт-революционер И.И.Гольц-Миллер /Сост. Б.Козьмин, Г.Лелевич. М., 1930.
Літ.:
Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;
Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.
Г.В.Кісялёў, І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 329
ГО́ЛЬЧЫЦЫ,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнУ ад горада і 19 км ад чыг. ст. Слуцк, 90 км ад Мінска. 773 ж., 309 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.
т. 5, с. 329
ГО́ЛЯДЗЬ,
балцкае племя, якое жыло ў бас. р. Протва (правы прыток р. Масква) паміж вяцічамі і крывічамі. Упамінаецца ў рус. летапісах 11—12 ст. Большасць голядзі ў 12 ст. асімілявана славянамі.
т. 5, с. 329