ГО́ЛІКАЎ Піліп Іванавіч
(16.7.1900, в. Барысава Курганскай вобл., Расія — 29.7.1980),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1961). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну (1939). Чл. Ваен. савета БВА (1938). З ліп. 1940 нам. нач. Генштаба, кіраўнік сав. ваен. місіі ў Англіі і ЗША. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на фронце: каманд. 10-й і 4-й арміямі, войскамі Бранскага і Варонежскага франтоў. Са жн. 1942 каманд. 1-й гв. арміяй і нам. каманд. войскамі Паўд.-Усх. і Паўн.-Зах. франтоў, з кастр. 1942 каманд. войскамі Варонежскага фронту. У 1943—50 нач. Гал. ўпраўлення кадраў. З 1958 нач. Гал. палітупраўлення Сав. Арміі і ВМФ, з 1962 ген. інспектар Мін-ва абароны СССР. Аўтар успамінаў «Чырвоныя арлы» (1959), «У Маскоўскай бітве» (1967).
т. 5, с. 324
ГО́ЛІКАЎ Уладзімір Фёдаравіч
(н. 30.7.1947, г. Янаул, Башкортастан),
бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н., праф. (1986). Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1970), дзе і працаваў з 1975. З 1994 прарэктар Ін-та сучасных ведаў, з 1996 дырэктар Дзярж. НДІ праблем аховы інфармацыі. Навук. працы па стат. тэорыі выпрабаванняў складаных радыётэхн. комплексаў на безадмоўнасць і інфармацыйным забеспячэнні аптымальнага працэсу іх эксплуатацыі.
Тв.:
Учет априорной информации при оценке надежности. Мн., 1979 (разам з У.А.Прахарэнкам).
т. 5, с. 324
«ГО́ЛОС БЕДНЯКА́»,
газета, орган Віцебскага губвыканкома. Выходзіла штотыднёва з 29.7 да 9.12.1918 у Віцебску на рус. мове. Выданне газеты было абумоўлена пераходам улад да палітыкі «ваеннага камунізму» і ўзмацненнем антысав. настрояў сярод сялян. Была разлічана ў асноўным на бяднейшае сялянства, мела на мэце распаўсюджванне ў яго асяроддзі камуніст. ідэалогіі. Публікавала матэрыялы ідэйна-асветніцкага і інструкцыйна-арганізац. характару. Давала практычныя парады па правядзенні харчразвёрсткі, арганізацыі на месцах камбедаў і інш. Выйшла 15 нумароў.
т. 5, с. 324
«ГО́ЛОС МИНУ́ВШЕГО»,
расійскі гіст.-літ. часопіс ліберальна-народніцкага кірунку. Выдаваўся ў 1913—23 у Маскве на рус. мове. Да 1919 выходзіў штомесяц, потым нерэгулярна (усяго 65 нумароў). Друкаваў: даследаванні і матэрыялы па рас. і ўсеагульнай гісторыі, археалогіі, літаратуразнаўстве; мемуары, запіскі, дзённікі і пісьмы сучаснікаў; анатацыі на новыя гіст. і літ. працы; партрэты гіст. дзеячаў і інш. Сярод супрацоўнікаў выдання быў У.І.Пічэта. Пасля закрыцця часопіса сав. Ўладамі С.П.Мельгуноў і частка б. супрацоўнікаў выдавалі за мяжой у 1923—25 час. «На чужой стороне» (Берлін—Прага), у 1926—28 — «Голос минувшего на чужой стороне» (Парыж).
т. 5, с. 324
«ГО́ЛОС НАРО́ДА»,
сацыял-дэмакр. рабочая газета; выконвала таксама функцыі органа Бабруйскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа з 28.5(10.6) да 16(29).8.1917 у Бабруйску на рус. мове. Праводзіла агульнадэмакр., надпарт. курс на арганізацыю рабочага руху горада ў адзіны сацыяліст. блок. Друкавала матэрыялы ў падтрымку палітыкі Часовага ўрада, перадвыбарчую праграму сацыяліст. блока ў Гар. думу. Шмат месца адводзіла яўр. рабочаму руху. З 18 ліп. наз. «Бобруйская вечерняя газета «Голос народа». Перадрукоўвала ў асноўным артыкулы з цэнтр. выданняў. Вядома 69 нумароў.
М.Я.Сяменчык.
т. 5, с. 324
«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,
рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.Гурло (псеўд. Л.Эхо), Х.Чарнышэвіч (псеўд. Н.Буржэнін), Дз.Чарнушэвіч (псеўд. Ф.Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).
А.М.Клачко.
т. 5, с. 324
«ГО́ЛОС ПОЛЕ́СЬЯ»,
грамадска-паліт. газета, орган Рэчыцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа ў крас.—жн. 1917 у г. Рэчыца на рус. мове. Падтрымала Часовы ўрад і яго палітыку прадаўжэння вайны да перамогі. Друкавала афіц. ўрадавыя дакументы, звесткі з міжнар. жыцця, ваен. хроніку. Шмат увагі аддавала мясц. грамадскаму і прафсаюзнаму руху, арганізацыі самакіравання. Змяшчала дакументы і адозвы Сялянскага саюза Палескага р-на. Перадрукоўвала артыкулы з петраградскіх і маскоўскіх выданняў. Спыніла выхад у канцы жн. 1917 у сувязі з перавыбраннем Савета.
М.Я.Сяменчык.
т. 5, с. 325
«ГО́ЛОС ПРОВИ́НЦИИ»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета леваліберальнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 31.3(13.4).1906 да 8(21).4.1907 у Мінску на рус. мове. Прадстаўляла інтарэсы розных саслоўяў і нацыянальнасцей, але найперш яўрэяў. Прапагандавала канстытуцыйны шлях пераходу да дэмакр. дзяржавы. На выбарах у Дзярж. думу падтрымлівала мясц. кандыдатаў ад партыі кадэтаў. Друкавала крытычныя аналізы дзейнасці Дзярж. думы, мясц. органаў улады. Падтрымлівала бел. нац. рух, вітала стварэнне бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца». Асвятляла тэатральнае жыццё Мінска, дзейнасць культ.-асв. і гуманітарных т-ваў. Друкавала маст. творы мясц. аўтараў.
У.М.Конан.
т. 5, с. 325
«ГО́ЛОС Х А́РМИИ»,
вайсковая газета. Выдавалася ў чэрв.—ліст. 1917 у Маладзечне на рус. мове. Мела эсэра-меншавіцкі кірунак. Змяшчала афіц. дакументы, загады ваен. камандавання і інш. Падтрымлівала дзеянні камандавання арміі і Зах. фронту. Выступала за працяг вайны, супраць бальшавікоў. Спыніла выхад у сувязі з утварэннем ВРК арміі і пераабраннем армейскага к-та на карысць бальшавікоў. Замест яе выдаваўся «Бюллетень Военно-революционного комитета Х армии».
т. 5, с. 324
«ГО́ЛОС III А́РМИИ»,
вайсковая газета. Выдавалася ў крас. — снеж. 1917 у Полацку на рус. мове. Змяшчала афіц. ўрадавыя дакументы, загады ваен. камандавання, асвятляла работу армейскага к-та 3-й арміі. Побач з матэрыяламі аб прызнанні Сав. улады друкавала антыбальшавіцкія заклікі. Спыніла выхад паводле пастановы 3-га армейскага з’езда, на якім большасць дэлегатаў падтрымала бальшавікоў.
т. 5, с. 324